Беларускія валейбалісткі ўдала стартавалі на чэмпіянаце Еўропы
Беларуская жаночая валейбольная дружына стартавала на чэмпіянаце Еўропы. Ён праходзіць на пляцоўках Азербайджана і Грузіі. У стартавым паядынку беларускі сустракаліся з нацыянальнай зборнай Харватыі.
Першыя дзве партыі дастаткова ўпэўнена выйгралі балканкі – 25:10 і 25:15. Але беларускі не зламаліся і здолелі адыграцца. У трэцім сеце яны ўзялі верх з лікам 25:21, у чацвёртым цягам партыі саступалі, але таксама выйгралі 25:20. Усё вырашалася на валейбольным тай-брэку.
У заключнай пятай партыі мацнейшымі нервы былі ў беларускіх дзяўчат – 15:9. Бліскучая валявая перамога з агульным лікам 3-2!
Акрамя Беларусі і Харватыі ў групе „В” таксама выступаюць каманды Італіі і Грузіі. У першым туры Італія ўпэўнена адолела Грузію – 3-0. Пераможца квартэту адразу заваюе пуцёўку ў 1/4-ю фінала, а дружыны, якія зоймуць другое і трэцяе месцы, пазмагаюцца ў стыкавых паядынках за права выхаду ў чвэрцьфінал.
Беларускае Радыё Рацыя