Актывісты кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ сустрэліся з дэпутатам Базанавым



Два рэспубліканскіх і два лакальных пытання абмеркавалі актывісты кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ ў Берасці на сустрэчы з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Базанавым.

Сярод рэспубліканскіх – пытанне правядзення ’’Народнага рэферэндума’’ і магчымасці вызначэння статусу дзеці вайны для пэўнай катэгорыі беларускіх грамадзян

Сярод лакальных – незаконная здача ў арэнду часткі ракі Мухавец непрофільнаму прадпрыемству і сітуацыя з станам дарог у мікрараёне Паўднёвым.

Актывіст кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ Ігар Маслоўскі лічыць сустрэчу ўдалай, паколькі ўдалося абмяняцца меркаваннямі па шэрагу праблемаў:

– Дэпутат шмат з чым пагадзіўся, асабліва з наяўнасцю рэгіянальных праблемаў. У нас былі аднолькавыя думкі, што статус “дзеці вайны” – тэма актуальная”. А таксама, што ў Беларусі павінны адбывацца эвалюцыйныя мірныя перамены.

На дадзены момант на Берасцейшчыне ў такім фармаце ўжо было праведзена 3 сустрэчы з дэпутатамі нацыянальнага ўзроўню, наперадзе – яшчэ 13.

* * *

З дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Базанавым сустрэнуцца 27 кастрычніка актывісты кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ у Берасці.

Яны хочуць узняць такія пытанні, як магчымасці правядзення ’’Народнага рэферэндуму’’, пачуць меракаванне дэпутата аб стане адукацыі і медыцыны ў Беларусі, яе ваеннай бяспецы і так далей.

Актывіст кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ Валянцін Лазарэнкаў перакананы, што варта звяртацца да дэпутатаў, бо яны маюць афіцыйную заканадаўчую функцыю:

Дэпутаты сёння, якія яны ні ёсць, але яны прымаюць законы… Законы павінны рабіць жыццё людзей лепшым. Таму да дэпутатаў трэба хадзіць, трэба да іх пытанні ставіць. 50 тысяч ужо падпісаліся, да канца году, думаю, будзе 100. Гэта простыя пытані, якія на сённяшні дзень людзей цікавяць.

У сярэдзіне восені гэтага года актывісты кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ перадалі да дэпутатаў ППНСРБ пяцьдзесят тысяч подпісаў у падтрымку правядзення ’’Народнага рэферэндумы’’. Яшчэ паўсотні тысяч подпісаў плануецца сабраць да пачатку наступнага году.

 Беларускае Радыё Рацыя, Берасце