Гарадзенца падазраюць у тым, што ён жыўцом спаліў бацьку на лецішчы



Упраўленне Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці распачало крымінальную справу ў дачыненні да жыхара Гародні, якога падазраюць у забойстве бацькі, учыненым з асаблівай жорсткасцю.

На тэрыторыі аднаго з дачных таварыстваў паблізу вёскі Тарусічы пад Гародняй увечары 22 верасня адбыўся пажар. Унутры згарэлага хлява знайшлі цела 61-гадовага гаспадара садовага ўчастка.

„Эксперты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гарадзенскай вобласці не выявілі ў яго цялесных пашкоджанняў, здольных прывесці да смерці. Сукупнасць шэрагу прыкмет сведчыць аб атручэнні мужчыны вокісам вугляроду, што характэрна для гібелі на пажары”, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Аднак праваахоўнікі высветлілі, што было ўчынена забойства. Паводле папярэдняй версіі, калі пачаўся пажар у хляве, мужчына быў п’яны і спаў на падлозе гаспадарчыя пабудовы. У наўмысным падпале падазраецца яго 38-гадовы сын, раней судзімы за ўхіленне ад утрымання дзяцей. Матыў злачынства — асабістыя непрыязныя адносіны і сварка паміж сваякамі, якая папярэднічала падпалу.

Падазраваны затрыманы, вырашаецца пытанне абрання ў дачыненні да яго меры стрымання. Дапытваюцца сваякі, суседзі і знаёмыя сям’і. Аглядаюцца канфіскаваныя з месца здарэння рэчавыя доказы. Пачата справа па п. 5 і 6 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства, учыненае агульнанебяспечным спосабам і з асаблівай жорсткасцю).

belapan.com