Валянцін Стэфановіч: Сённяшняя Чачня – чорная дзірка на мапе Еўропы



Беларускія праваабаронцы лічаць, што візіт у Беларусь прэзідэнта Чачні Рамзана Кадырава можна назваць ганебным. Па словах юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, сённяшняя Чачня ўяўляе сабой чорную дзірку на мапе Еўропы і нават Расейскай Федэрацыі. У Чачні законы Расеі не працуюць, ці працуюць з вялікімі выключэннямі.

Валянцін Стэфановіч:

– Гэта краіна, суб’ект Федэрацыі, у якой знікаюць праваабаронцы, у якой забіваюць праваабаронцаў, як была забітая наша калега Наталля Эсцемірава. І за ўсе гэтыя забойствы, канешне, адказнасць нясе непасрэднае кіраўніцтва Чаченскай Рэспублікі. А зараз там адбываюцца ўвогуле жахлівыя рэчы, там адбываюцца масавыя затрыманні прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці Чачні, якіх затрымліваюць, садзяць у турмы. І Чачня, і Расейская Федэрацыя, у звязку з гэтым, зараз вельмі моцна крытыкуюцца прадстаўнікамі міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

“З прычыны рэпрэсіяў паток уцекачоў з Чачні не змяншаецца. І гэта стала праблемай і для Беларусі, таму што значная іх частка накіроўваецца ў Еўропу праз нашу краіну”, – нагадаў Валянцін Стэфановіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя