Фігуранты „справы патрыётаў” выступілі з заявай



Пра сваю невінаватасць і палітычны характар крымінальнага пераследу заявілі 26 верасня фігуранты „справы патрыётаў”.

21 верасня споўнілася паўгода з моманту першых затрыманняў у рамках гэтай крымінальнай справы. Яе фігуранты 26 верасня распаўсюдзілі заяву, у якой адзначаюць, што тэрмін следства па арт. 287 Крымінальнага кодэкса (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання) зноў прадоўжаны. „Мы спадзяваліся, што зацікаўленым дзяржаўным структурам хопіць шасці месяцаў, каб разабрацца і зразумець: падстаў для распачынання крымінальных спраў па артыкулах 293 ч. 3 (масавыя беспарадкі) і 287 не было і няма”, — пішуць аўтары.

„Так, мы ўсе — фігуранты „справы патрыётаў” — сёння знаходзімся на волі, адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе і невыдаванні, але справа не спынена, — адзначаецца ў заяве. — І непрыемным сюрпрызам стала нядаўняе пазбаўленне ліцэнзіі Ганны Бахціной, адваката ключавога фігуранта справы Міраслава Лазоўскага, якога следства спрабавала прадставіць лідарам міфічнай „узброенай арганізацыі”. Гэта рашэнне фігуранты справы лічаць „палітычна матываваным, вытрыманым у духу помсты за сумленнае выкананне Ганнай Віктараўнай сваіх прафесійных абавязакаў у якасці юрыста і адваката „. Яны спадзяюцца, што такая практыка не будзе прымененая ў дачыненні да іншых адвакатаў, а рашэнне ў дачыненні да Бахціной будзе адменена.

„Мы па-ранейшаму заяўляем аб сваёй невінаватасці і перакананыя: як самі арышты, так і надуманыя абвінавачанні ў крымінальных злачынствах, якія сталі падставай для „справы патрыётаў”, — гэта цалкам палітычнае рашэнне, якое не мае фактычных падстаў і звязана з няздольнасцю дзяржаўных структур справіцца з узніклай агульнай напружанай палітычнай і сацыяльнай сітуацыяй у краіне ў лютым—сакавіку 2017-га”, — лічаць аўтары.

„Нягледзячы ні на што, — падкрэсліваюць яны, — кожны з нас будзе працягваць справу нашага жыцця — служэнне Радзіме шляхам развіцця беларускай культуры, пашырэння беларускай мовы, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, адстойвання нацыянальных інтарэсаў усімі законнымі спосабамі для ўмацавання і абароны канстытуцыйнага ладу”.

Фігуранты справы таксама заявілі пра спробы спекуляцый на іх горы і выступілі з перасцярогай: „Любое пазіцыянаванне сябе любых асоб членамі „Белага легіёну”, дзейнасць ад імя гэтай ужо не існуючай арганізацыі, збор сродкаў нібыта на патрэбы „арганізацыі” або яе членаў просім лічыць формай махлярства, якое мяжуе з правакацыяй. Нагадваем, што „Белы легіён” ужо даўно спыніў існаванне, а ў ранейшых яго ўдзельнікаў не было і няма намеру аднаўляць такую структуру”.

Заяву падпісалі 15 фігурантаў справы.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля заявы, якую зрабіў Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка — за тры дні да Дня Волі, да якога апазіцыя рыхтавала традыцыйную вулічную акцыю. Лукашэнка заявіў аб „баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”.

КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт). Пазней частцы абвінавачваных было выстаўлена дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання).

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што КДБ закрыў крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання перадаў у Следчы камітэт.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа „Белага легіёну” да суда. „Справа ў тым, што следства аб’ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур’ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб’ектыўна разабрацца”.

28 чэрвеня фігурантаў справы пачалі масава адпускаць з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Многія назіральнікі звязвалі вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая прайшла ў Менску 5—9 ліпеня. БелаПАН