Ці знойдуць паразуменне дзяржава і бізнес?



Cтаршы партнёр юрыдычнай кампаніі Arzinger&Partner Сяргей Машонскі распавёў пра перспектывы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі.

27 верасня ў Менску пройдзе Міжнародная канферэнцыя “Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў параўнанні: Германія і Беларусь – аналіз і рэкамендацыі”, якую пад патранажам Пасольства ФРГ у Беларусі арганізоўваюць Нямецка-беларускі эканамічны клуб, юрыдычная кампанія Arzinger&Partner і Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі.

“Многія нашы замежныя кліенты праяўляюць вялікі інтарэс да праектаў, якія пачынаюцца альбо ўжо ідуць у Беларусі, – адзначыў напярэдадні старшы партнёр юрыдычнай кампаніі Arzinger&Partner Сяргей Машонскі. – А ў Германіі ёсць тыя людзі і той вопыт, якія могуць быць карысныя нашай краіне. З 2015 года была падрыхтавана заканадаўчая база па дзяржаўна-прыватным партнёрстве, а зараз рыхтуюцца змены ў закон. У тым ліку і з дапамогай нямецкіх экспертаў дапаўненні і распрацоўваюцца. Бо тыя крокі, што мы рабілі на працягу двух гадоў, паказалі, што яны не вельмі эфектыўныя. Таму не варта саромецца браць той еўрапейскі вопыт, які ўжо выпрацаваны. Інвестар павінен бачыць інтарэс удзелу ў такіх праектах, інакш не будзе чаканага эфекту. А дзяржаўна-прыватнае партнёрства якраз і пабудавана на балансе інтарэсу бізнесу і дзяржавы”.

Са слоў Сяргея Машонскага, апошнім часам у дачыненні да бізнесу адбываецца пэўная лібералізацыя.

“У такім выпадку кожны атрымлівае свае бонусы, – дадае ён. – Бізнес – прыбытак, дзяржава – сацыяльныя аб’екты і інфраструктуру. Хаця я бачу, што змены адбываюцца няпроста. Мы зараз, хаця і марудна, але рухаемся наперад”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя