Справа 1981 г. “Дом творчасці Кактэбель. Антысавецкія пісьменнікі пад кантролем КГБ СССР”



 У 80-ыя гады савецкая інтэлігенцыя была ўжо далёка не такой паслухмянай, як у сталінскую эпоху. Інтэлігенцыя, асабліва творчая, стала капрызнай, з’едлівай і недаверлівай. Некаторыя інтэлігенты дэманстравалі крытычнае мысленне да савецкай рэчаіснасці, а некаторыя нават наважываліся выкладаць такія думкі і на паперы.

Каб усе гэтыя пісьменнікі, кампазітары, драматургі, рэжысёры і іншыя дармаеды на шыі працоўнага народа не ўпадалі ў дысідэнцтва і не стваралі антысавецкіх твораў, Савецкі ўрад спрабаваў тую творчую інтэлігенцыю падкупіць. Вось вам, дарагія літаратары, дармовыя кватэры цягам года пасля ўступлення ў Саюз пісьменнікаў. Вось вам “стол замоваў” ад Літфонда з дэфіцытным фінскім сервілатам. А вось – Дом творчасці, дзе вы можаце пісаць вершы пра механізатараў і партызанаў, а па вечарах – дзяліцца досведам сацыялістычнага рэалізму і жлукціць гарэлку.

Не варта і казаць, што сітуацыя ў тых пісьменніцкіх дамах творчасці дбайна кантралявалася КГБ.

* * *

Пісьменніцкі Дом творчасці “Кактэбель”, які належыў Літфонду СССР, быў, бадай, адным з самых папулярных у тагачасным пісьменніцкім асяродку. Мора, цеплыня, таннае і смачнае віно, вечаровае стракатанне цыкадаў і задушэўныя размовы на беразе…

У тым ліку і з відавочна антысавецкім душком.

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

2 сентября 1981 г.

ДОКЛАДНАЯ ЗАПИСКА

О Доме творчества «Коктебель» Литфонда СП СССР

КГБ УССР располагает данными, свидетельствующими о том, что Дом творчества «Коктебель» Литфонда Союза писателей СССР, расположенный в поселке Планерское Судакского района Крымской области, традиционное место отдыха творческой интеллигенции, в последнее время используется отдельными антисоветскими элементами для организации и проведения сборищ единомышленников из различных городов страны. В период пребывания в «Коктебеле» они предпринимают попытки проведения политически вредной и враждебной деятельности, осуществляют встречи и «совещания» с единомышленниками, собирают и готовят для передачи на Запад тенденциозную информацию, занимаются идейно вредной обработкой связей из числа местных жителей.

(…)

Далей ідзе падрабязны пералік пісьменнікаў, якія адпачывалі ў тым “Кактэбелі”, а таксама пералік іх правінаў перад Савецкай дзяржавай: сувязь з “самвыдатам”, падтрымка габрэяў, якім адмоўлена ў рэпатрыяцыі ў Ізраіль, сяброўства з апальным акадэмікам Сахаравым…

Чалавек недасведчаны напэўна задасць пытанне: адкуль камітэтчыкі валодалі такой інфармацыяй? Насамрэч крыніц чэкісцкіх ведаў было шмат: у Доме творчасці энергічна шчыравала агентура з завербаваная абслугі, а частка памяшканняў “Кактэбеля” праслухоўвалася адмысловай апаратурай. Ды і сярод савецкіх пісьменнікаў было багата інфарматараў КГБ, прытым некаторыя даносілі ў “органы” і па ўласнай ініцыятыве.

Сустракаюцца ў дакладной і вельмі вядомыя прозвішчы.

 

Из докладной записки Комитета Государственной Безопасности

(…)

Бывший член Союза писателей Аксенов В. П. /разрабатывается УКГБ по г. Москве и Московской области/ свое пребывание на отдыхе в «Коктебеле» использовал для написания пасквилей антисоветской направленности, встреч с единомышленниками и враждебной обработке своих связей из числа писателей

(…)

Пад “антысавецкім пасквілем” чэкісты, пэўна, мелі на ўвазе раман “Востраў Крым”, які Васіль Аксёнаў сапраўды пісаў у той час у Кактэбелі і ўрыўкі з якога зачытваў сябрам і калегам.

Як і мае быць, не абышлося і без “дэманстрацыі справядлівага абурэння савецкіх грамадзянаў”, пра якое таксама згадваецца ў дакладной.

Из докладной записки Комитета Государственной Безопасности

(…)

В местные органы власти от жителей поселка Планерское, сотрудников и отдыхающих Дома творчества неоднократно поступали жалобы и заявления с просьбами о наведения порядка в «Коктебеле», так как аполитичные, провокационные, порой враждебные проявления со стороны отдельных лиц, проживающих в Доме творчества, аморальное их поведение и безнаказанные действия способствуют созданию нездорового морально-политического климата в поселке Планерское, порождают различные слухи, порочащие высокое звание советского писателя.

(…)

Прыкрыць той Дом творчасці не выпадала – бо інакш бы заходнія атрутнікі эфіру кшталту “Радыё Свабоды” ці “Голаса Амерыкі” адразу пачалі б плявузгаць пра непатрэбнасць савецкай уладзе прыгожага пісьменства і тых, хто тое пісьменства стварае. Але ж і пакідаць “усё, як ёсць” таксама было нельга!

І тады чэкісты знайшлі адзінае правільнае, як ім тады падавалася, вырашэнне праблемы…

Из докладной записки Комитета Государственной Безопасности

(…)

В целях исключения возможности использования «Коктебеля» в будущем отдельно антисоветски настроенными лицами для сборищ единомышленников и антиобщественной деятельности, негативного влияния на окружающих, а также создания местными органами власти лучших условий для проведения в поселке политико-воспитательной работы (…) считали бы целесообразным поставить вопрос перед соответствующими инстанциями о передаче Дома творчества в поселке Планерское в ведение Украинского отделения Литфонда СП СССР или другого ведомства.

КГБ СССР доложено.

ПРЕДСЕДАТЕЛЬ КОМИТЕТА ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

УКРАИНСКОЙ ССР

В. Федорчук

Перадача Дома творчасці “Кактэбель” з “саюзнага падпарадкавання” ў Кіеў прынцыпова нічога не змяніла; хіба што замест маскоўскіх антысавецкі настроеных пісьменнікаў у Кактэбель сталі масава прыязджаць украінскія нацыяналістычна настроеныя пісьменнікі. Крымскім камітэтчыкам, якія курыравалі гэты Дом творчасці, давялося нават вучаць украінскую мову, бо з гутарак новых адпачывальнікаў яны далёка не ўсё разумелі…

Што тычыцца папулярнага ў менскіх пісьменніцкіх колах Дома творчасці СП БССР у Іслачы, які ў 80-ыя гады належыў беларускаму Літфонду, то сітуацыя там была вельмі падобнай да “Кактэбеля” – і праслухоўваннем беларускіх пісьменнікаў спецапаратурай, і агентурай сярод абслугі, і энтузіястамі-стукачамі сярод беларускіх празаікаў, паэтаў, драматургаў і крытыкаў.

І хаця архівы былога КГБ УССР няпрофільныя для высвятлення сітуацыі ў СП БССР 80-ых гадоў, вельмі шмат цікавай і, галоўнае, нечаканай інфармацыі можна адшукаць і там.

Але гэта – тэма асобнага выпуску.

* * *

У наступнай перадачы вы дазнаецеся пра так званыя “ўсходнія містычныя вучэнні”, якія напачатку 80-ых набывалі ў СССР, у тым ліку і ў Беларусі, немалую папулярнасць. А таксама раскажу, як КГБ СССР рэагавала на ўсю гэтую замежную пошасць.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Беларускае Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 184