Гарадзенскія прадпрымальнікі дамагліся змяншэння арэнднай платы



Гарадзенскія індывідуальныя прадпрымальнікі дамагліся змяншэння арэнднай платы за карыстанне месцамі гандлю з верасня сёлета на 14,1 %.

Праўда тое, што Савет Міністраў штогод падвышае арэндную плату з красавіка кожнага года не дае надзеі на доўгую радасць дробным гандлярам. Кажа старшыня рады прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы», Андрэй Шасцяракоў:

Ужо з 15 верасня нашы прадпрымальнікі плацілі за гандлёвыя месцы менш менавіта на гэты адсотак. У сярэднім, каб нашым слухачам было зразумела, не ў працэнтах, а ў рэальных лічбах, за квадратны метр у нас арэндная плата выйшла 12 рублёў 93 капейкі для боксаў ў гандлёвых радах. Груба кажучы, на 5 квадратных метрах, а ў нас шмат такіх гандлёвых боксаў, прадпрымальнік штомесяц ашчаджае каля 10 рублёў.

Яшчэ адна важная дэталь, якая моцна б’е па даходах беларускіх прадпрымальнікаў і ставіць у няроўныя ўмовы развіццё дробнага гандлю: гэта экспансія ўзбекскіх гандляроў на беларускі спажывецкі рынак. Яны дзейнічаюць са шматлікімі парушэннямі нацыянальнага заканадаўства. І адказу ад дзяржаўных органаў на звароты грамадскага аб’яднаньня „Перспектыва” так і няма.

Кажа Андрэй Шасцяракоў:

Другі аспект, і ён асабліва важны для раённых гарадоў, дзе нашы прадпрымальнікі ажыццяўляюць сваю гандлёвую дзейнасць і адкрываюцца падобныя крамы. За кошт таго, што тавар праходзіць кантрафактна , што яны не плацяць падаткаў і збораў у большасці сваёй, што ідзе хаванне выручкі па касавых апаратах, цэны ў іх на парадак ніжэйшыя. Тым больш, што якасць саміх тавараў выклікае вельмі шмат пытанняў.

Хто ” крышуе” ў Менску дзеянні гандляроў з Узбекістану? Бо мясцовыя ўлады ў раёнах і абласных цэнтрах, атрымоўваецца, не могуць з імі даць рады.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня