Пабачыў свет каталог тэстамэнтаў XVI–XVIII стст.



Каталог тэстамэнтаў жыхароў Берасця і Гародні XVI – пачатак XVIII стагоддзяў выйшаў у польскім выдавецтве SEMPER. Аўтарка каталога гарадзенскі гісторык Наталля Сліж, якая пяць гадоў працавала над гэтымі каштоўнымі гістарычнымі дакументамі.

Паводле аўтаркі, гэты каталог дае ўяўленні пра мяшчанскі быт Вялікага княства Літоўскага названага перыяду.

Па гісторыі маёмасці, па гісторыі рэлігіі, ментальнасці, па гісторыі штодзённасці. І я ўжо не кажу, што сямейная гісторыя прадстаўлена найлепшым чынам, бо часам узгадваецца першы сужэнец, другі і г.д., дзеці. Таму гэта вельмі каштоўныя дакументы для вывучэння.

Галоўная задача напісання тэстамэнту як у часы ВКЛ, так і цяпер, – гэта пазбыцца ўнутрысямейных канфліктаў пасля смерці яго старэйшага чальца.

У час напісання кнігі, працуючы ў Берліне, Наталля Сліж зрабіла цікавае адкрыццё. Была выяўлена пячатка Гародні, якая датавана 1500-ым годам. Гэта найбольш ранняя гербавая пячатка горада пасля атрымання ім Магдэбургскага права. Пра гэта апублікавана ў каталозе, кажа аўтарка.

Прадмова мае яшчэ характарыстыку Гародні, і я вырашыла ўставіць гэтую інфармацыю. Калі гарадзенскі магістрат напісаў ліст у Прусію па розных маёмасных справах, якраз гэты ліст замацаваны гарадзенскай пячаткай 1500 года. Што гэта азначае? Што з наданнем Магдэбургскага права Гародня ўжо мела пячатку. Тое, што яно не было напісана ў прывілеі, не азначае, што гэтага не было.

Атрымліваецца, што герб з аленем Гародня мела яшчэ да каралевы Боны. Тэстамэнты, якія склалі аснову каталога тэстамэнтаў жыхароў Берасця і Гародні ад XVI да пачатку XVIII стагоддзя, цяпер зберагаюцца ў розных архівах: у Менску, Варшаве, Вільні, Кракаве.

Якуб Cушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара