Бязвіз поўнасцю сябе апраўдвае



Бязвізавы рэжым, уведзены амаль год таму ў тэставым рэжыме, поўнасцю сябе апраўдвае. Так мяркуе Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Ала Фёдарава, якая прымае ўдзел у працы Усходняга эканамічнага кангрэса. Дыпламат прыводзіць і канкрэтныя лічбы ў пацверджанне сваіх слоў датычна бязвізавага наведвання зоны Аўгустоўскага канала:

– Па бязвізавым руху паехалі 22 500 турыстаў, а заявак ўжо пададзена 26 тысяч. Бязвізавы рух працуе да канца гэтага года, але будзе працягнуты. Мы і ўлада працуем над тым, каб пашырыць і працягнуць тэрмін дзеяння гэтага руху. Плануем, што ў бязвізавую зону будзе ўваходзіць аэрапорт, чыгуначны вакзал.

Прапануецца працягнуць тэрмін знаходжання замежнікаў на тэрыторыі Беларусі без візы да дзесяці дзён, цяпер гэта пяць дзён. Павелічэнне тэрміну, на думку экспертаў, будзе спрыяць найперш медычнаму і спартоваму турызму. Аднак гэтае пытанне патрабуе ўзгаднення з Міністэрствам унутраных спраў, паколькі цяпер, каб замежнік мог застацца ў Беларусі больш, чым на пяць працоўных дзён, патрэбная яго рэгістрацыя.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя