Гарадзеншчына за паўгода зарабіла на турпаслугах 6 млн долараў



За шэсць месяцаў 2017 года на экспарце турыстычных паслуг Гарадзенская вобласць зарабіла каля 6 млн долараў. Пра гэта на выставе „Турбізнес-2017”, якая адкрылася 27 верасня ў Менску, паведаміў БелаПАН спецыяліст па турызме ўпраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Мацвей Свіркоў.

„Рост экспарту ў грашовым выражэнні ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года склаў 140%, — расказаў Свіркоў. — За мінулы год у цэлым мы зарабілі 8 млн долараў. У 2015 годзе — каля 6 млн долараў”.

Паводле слоў прадстаўніка аблвыканкама, у рэгіёне 2016 год выдаўся асабліва актыўным у сферы турызму, у прыватнасці за кошт санаторна-курортнай базы.

Развіваецца турызм у Гарадзенскай вобласці дзякуючы актыўнай працы па маркетынгу і стварэнні інфраструктуры. „Гэтым летам быў створаны веламаршрут уздоўж усяго Аўгустоўскага канала. Разам з Міністэрствам спорту мы дамагліся адкрыцця новага віду зносін у сезонным пункце пропуску „Лясная” („Рудаўка”). Да гэтага года ён быў толькі водным, а стаў з красавіка па кастрычнік яшчэ і веласіпедным, і пешаходным. А гэта, дарэчы, самы кароткі шлях з горада Аўгустава ў Гародню. Пункт пропуску карыстаецца вялікай папулярнасцю, паток турыстаў з моманту яго адкрыцця для вела- і пешых падарожнікаў павялічыўся ў дзясяткі разоў”.

У апошні год у турыстычную сферу вельмі актыўна сталі прыцягвацца інвестыцыі, як адзначыў Свіркоў. Цяпер у Гарадзенскай вобласці рэалізуецца пяць інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў размяшчэння. Адзін з аб’ектаў — гасцініцу „Гродна” — рэканструюе кітайскі інвестар, астатнімі займаецца мясцовы бізнес. Пры гэтым, падкрэсліў прадстаўнік аблвыканкама, мясцовы гасцінічны бізнес, убачыўшы, што паток турыстаў значна павялічыўся, гатовы ўкладваць сродкі і пашыраць свае сеткі.

БелаПАН