Пад Вялейкай перапахавалі польскіх памежнікаў
Пад Вялейкай пахавалі пяцёх службоўцаў польскага Корпуса аховы памежжа.
Перапахаванне памежнікаў праз 80 гадоў пасля іх смерці адбылося ў межах супрацы польскага Інстытута нацыянальнай памяці і 52-га, экс-гумацыйнага батальёна беларускага войска.
Пасля жалобнай імшы ў касцёле ў Даўгінаве, польскія вайскоўцы разам з аркестрам перанеслі парэшткі загінулых жаўнераў КАП на мясцовыя могілкі.
Даўгінава апынулася ў складзе міжваеннай Польшчы згодна з Рыжскім мірам 1921-га году. Адмыслова фармаванне польскага войска стварылі ў 1924-м, каб “змагацца з бальшавіцкімі бандамі на ўсходнім паграніччы”.
Ва ўрачыстасці ўдзел прынялі польскі віцэ-міністр унутраных спраў і адміністрацыі Якуб Скіба, намеснік старшыні Інстытута нацыянальнай памяці Кшыштаф Швагжык, прадстаўнікі кіраўніцтва польскай Памежнай службы, польскі амбасадар у Беларусі Конрад Паўлік, а таксама прадстаўнікі беларускай адміністрацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Biuro Poszukiwań i Identyfikacji IPN