Сведчанні пра Хайсы: Ляжаў пакуль не расстралялі ўсіх…



Улады адмаўляюцца прызнаваць урочышча Хайсы пад Віцебскам месцам масавых расстрэлаў.

У Хайсах ужо каля 30 самаробных крыжоў, указальнікі, якія вядуць ад чыгункі да месца расстрэлаў.    

Ян Дзяржаўцаў, стваральнік ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” з 2104 года збірае сведчанні пра злачынствы камунізму ў Хайсах.  

Парэшткі ахвяраў сталінізму ў Хайсах у красавіку 2017 года былі вырытыя з зямлі „чорнымі капальнікамі”, якія хутчэй за ўсё трапілі ў Віцебскую вобласць з тэрыторыі Расеі.  

Усе чарапы маюць характэрныя адтулін ад куль.

Вось адно са сведчанняў запісаных Янам Дзяржаўцавым , стваральнікам ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”: “Славік Буевіч распавядаў пра расстрэлы ў Хайсах. Ягоны бацька быў лесніком. І сказалі бацьку аднойчы, што “у цябе крадуць лес, як сцямнее, так лес і павезлі. Па начах машыны ходзяць, са святлом. Чаго едзяць у лес? Крадуць!”. Ага, раз атрымаў сігнал, трэба ж рэагаваць, інакш быць бядзе. І ён увечары выпраўляецца. Прыйшоў раней. Схаваўся за елку, сядзіць, глядзіць. Ідзе машына. Святло фараў. Ён чакае, кажа сам сабе: “Вось зараз я вас цёпленькімі вазьму. На месцы пачакаю, калі пачнуць грузіць”. Машына выйшла на паляну, стала, дзверы адчыніліся. З кабіны вылезлі людзі. Дзверы адчыняюцца, чуюцца мацюкі. Людзей шмат з машыны выйшла. Глядзіць: людзей гэтых на калені ставяць. А цёмна. Ён спачатку не бачыў, што там яма. Пачалі страляць. Ён зваліўся пластом і ляжаў. Ляжаў пакуль не расстралялі ўсіх людзей. Засыпалі зямлёй. Пасадзілі елачкі невялікія. Ён кажа: “Я потым, калі ўстаў, агледзеў гэта”. Агледзеў і ціхенька пайшоў”.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя