Місія МВФ будзе працаваць у Менску з 26.10 па 10.11
Місія Міжнароднага валютнага фонду будзе працаваць у Менску з 26 кастрычніка па 10 лістапада, паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі.
У прадстаўніцтве фонду растлумачылі, што эксперты МВФ прыедуць для правядзення штогадовых кансультацый па IV артыкуле.
Як паведамляў напярэдадні першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, перагаворы па новай праграме з фондам пакуль прыпынены. „Работа над падрыхтоўкай праграмы прыпынена, таму што фактычна праграма гатова, перагаворы па ёй завершаны. Ёсць разыходжанні ў пазіцыях, і гэтыя разыходжанні мы прадаўжаем збліжаць, цяпер кожны ў сваёй частцы. Аднаўленне будзе магчыма толькі пасля таго, як мы зробім запыт аб прадаўжэнні праграмы і правядзём шэраг спецыяльных дзеянняў, якія прадугледжаны праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця”, – расказаў першы намеснік міністра.
Пры гэтым ён растлумачыў, што Мінфін прадаўжае супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам у рамках работы над параметрамі бюджэтнай збалансаванасці і рэалізацыі падаткова-бюджэтнай палітыкі. „Мы вядзём супрацоўніцтва з МВФ і па тэхнічнай дапамозе, па падтрымцы праектаў, якія рэалізуюцца Мінфінам”, – дадаў першы намеснік міністра.
Апошні раз місія МВФ працавала ў Беларусі 5-12 чэрвеня. Эксперты фонду на чале з кіраўніком місіі па Беларусі Пітэрам Долманам абмеркавалі з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання эканамічную сітуацыю ў краіне, а таксама актуальныя пытанні ўзаемадзеяння, у прыватнасці, падрыхтоўку да штогадовых кансультацый па IV артыкуле, якія адбудуцца восенню 2017 года.