Тэорыя і практыка



Так супала, што ўслед за Днём настаўніка, які традыцыйна адзначаецца ў Беларусі, маем дзень народзінаў Махатмы Гандзі і Міжнародны дзень нягвалту. Сімвалічна?

Мудры чалавек (чытаем – настаўнік, гуру…) не будзе лезці на барыкады – будзе спакойна бараніць сваю пазіцыю штодзень ды паказваць годны прыклад іншым. Па вялікім рахунку асабісты прыклад – самы надзейны шлях, каб пераканаць кагосьці ў чымсьці. Усім нам патрэбныя людзі-маякі, але не на ўсіх іх хапае. У прыватнасці неабыякавых і адказных настаўнікаў старой школы і загартоўкі засталося вельмі мала, а моладзь вельмі хутка стамляецца ад залішніх патрабаванняў, папераў і малых грошай. Што маем, то маем.

І ўсё ж для многіх школьнікаў слова настаўніка – закон! Адно мілае дзіця днямі ўзняло на вушы сталічную міліцыю, патэлефанаваўшы па нумары 102 і сказаўшы, што яго родную школу «хочуць узарваць». Вось менавіта такі жахлівы сцэнарый… А насамрэч?

Насамрэч на ўроку «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» настаўнік расказваў вучням аб тым, што рабіць у небяспечных сітуацыях і каму трэба тэлефанаваць. На перапынку дзеці вырашылі праверыць на практыцы атрыманую інфармацыю — набралі нумар 102 і расказалі пра «мініраванне» школы. Патэлефанаваў, канечне, самы “смелы”.

Міліцыя і адпаведныя службы аператыўна прыбылі на месца здарэння (на шчасце, яно не здарылася!) У Фрунзенскім РУУС горада Менска адзначылі: за справы васьмігадовага авантурыста адказваць будуць мама з татам. Эх, а дзіця проста пераўтварыла тэорыю ў практыку… На шчасце, без трагічных наступстваў! Варта згадваць на ўроку «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» пра штрафы за ілжывыя паведамленні ў міліцыю. З канкрэтнымі прыкладамі (мінус столькі цукерак, марожанага і атракцыёнаў ці пазбаўленне інэту на пэўны час). Недапрацовачка! Або дзіця няўважліва слухала ўрок.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ