Макей: Развіццё дачыненняў з ЕЗ і ЗША выклікае аптымізм
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі 3 кастрычніка ў Менску на адкрыцці першай Канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі.
„Удзячны еўрапейскім і амерыканскім партнёрам за тое, што ўсе бакі знайшлі сілы, каб адкінуць штучныя абвінавачванні ў адрас адзін аднаго, сесці за стол перамоў і выпрацаваць правілы зносін, — сказаў Уладзімір Макей. — Мы прапанавалі партнёрам шчыры і сумленны дыялог па ўсіх, нават самым адчувальных пытаннях і выпрацаваць рашэнні”.
Паводле слоў Макея, „пазітыўная атмасфера” ў стасунках з ЕЗ і ЗША „паступальна пашыраецца”. „Мы маем намер працягваць гэты дыялог”, — падкрэсліў ён.
Першая канферэнцыя ганаровых консулаў Беларусі праходзіць 3–6 кастрычніка ў Менску. Паводле інфармацыі МЗС, цяпер 80 беларускіх ганаровых консулаў прадстаўляюць і абараняюць правы і інтарэсы грамадзян краіны ў 56 дзяржавах. У кола іх абавязкаў таксама ўваходзіць спрыянне развіццю дружалюбных адносін, пашырэнню палітычных, гандлёва-эканамічных, інвестыцыйных, культурных, навуковых і іншых сувязяў з замежнымі краінамі.
Як растлумачылі ў МЗС, канферэнцыя праводзіцца для таго, каб ацаніць вынікі дзейнасці ганаровых консулаў, абмеркаваць перспектыўныя напрамкі іх работы па абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Асаблівы акцэнт мяркуецца зрабіць на сферы знешняга гандлю і прыцягненні замежных інвестыцый.