Амбасада Польшчы абвясціла тэндэр на паслугі візавых цэнтраў (абноўлена)



Амбасада Польшча ў Беларусі абвясціла тэндэр на аказанне паслугаў візавых цэнтраў, адкрыццё якіх запланавана ў васьмі гарадах Беларусі. На Гарадзеншчыне візавыя цэнтры адчыняцца ў Гародні і Лідзе.

Умовы польскага боку для ахвотных удзельнічаць у тэндэры змешчаныя на інтэрнэт-старонцы амбасады.

На думку Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Гародні Анджэя Хадкевіча, запатрабаванасць візавых цэнтраў выклікана, як дынамічным ростам колькасці выданых візаў, так і развіццём турыстыкі ў краіны Еўразвязу:

– Гэта будуць фірмы ў розных гарадах, якія будуць прымаць унёскі за візы. Гэта будзе зручна для гарадоў, дзе няма кансулятаў. Гэта будзе значна большая сетка мейсцаў, дзе можна будзе падаць анкету на візу. 

Заяўкі на ўдзел у тэндэры будуць прымацца ў амбасадзе Рэспублікі Польшча да 10-га чэрвеня 2015-га году. Адно з асноўных патрабаванняў – абсталяванне 20-ці месцаў для збору біяметрычных дадзеных.

Як вядома, пачынаючы з 23 чэрвеня польскія дыпламатычныя пляцоўкі ўводзяць абавязковую здачу адбіткаў пальцаў пры падачы дакументаў на атрыманне візы.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Для больш актыўнай супрацы з польскім бізнесам, беларускім прадпрыемствам трэба актыўней прапаноўваць сваю прадукцыю. І не ў Беларусі, а непасрэдна на эканамічных выставах Польшчы.

Так лічыць генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч.

– Хоць ёсць рэчы, якія крыху здзіўляюць польскі бізнес, бо вымогі, якія ставяць улады ў Беларусі, перадусім заснаваны на прынясенні прыбытку, і таму для інвестара, гэта можа стаць праблемай, цяжкай для выканання.

«Хаця ў самой Беларусі ўжо ёсць прыклады працы польскіх фірмаў на шматгадовай аснове., – кажа консул.

Беларускае Радыё Рацыя