Андрэй Клімаў: У рэгіёнах – інертная зона



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў распавядае, чаму выбары ў мясцовыя Саветы важныя для беларускай апазіцыі.

Нагадаем, выбары ў мясцовыя саветы маюць адбыцца не пазней за 18 лютага 2018 года. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў.

Паводле Ярмошынай, прыкладна ў 20-ыя дні кастрычніка ў яе адбудзецца сустрэча з кіраўніком краіны, пасля якой будзе канчаткова абвешчаная дата новых выбараў.

Андрэй Клімаў: Патрэбна выкарыстоўваць усе палітычныя кампаніі. Тым больш, што настроі ў людзей зараз такія, што многія незадаволеныя ўладай. З чаго пачынаўся развал Савецкага Саюза? Менавіта з мясцовых выбараў. Хачу сказаць, што ў сталіцы сярод народа наогул вялікая незадаволенасць уладай, гэта адчуваецца. Таму, мяркую, на гэтых мясцовых выбарах у Менску будзе горача. І я б параіў апазіцыі засяродзіць сваю ўвагу менавіта на сталіцы. Тут ёсць вялікія шанцы атрымаць дэпутацкія мандаты.

РР: Верыце ў празрысты падлік галасоў?

Андрэй Клімаў: Пры Саюзе таксама маглі лічыць галасы, як заўгодна, бо ў камісіях былі “патрэбныя” людзі. І які вынік? СССР усё роўна распаўся. Таму яшчэ раз паўтаруся, што прымаць у выбарах удзел абавязкова трэба.

РР: А партыя КХП-БНФ заклікае байкатаваць любыя выбары, якіх, на іх погляд, няма…

Андрэй Клімаў: Гэта поўнае глупства. Хаця ў рэгіёнах, можа быць, і сапраўды не варта браць удзел. Там жа “мёртвая” зона. Яна інертная і з пункту гледжання ўлады, і з пункту гледжання апазіцыі. Гэта, як тыдзень не карміць каня, і пасля гэтага колькі яго не лупі, але той не паедзе. А ў Менску будзе барацьба за рэсурсы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя