Дзіця вайны не пусцілі да кіраўніцтва Гомельшчыны



На жыхароў Гомеля, якія спрабавалі трапіць на прыём да старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, выклікалі нарад міліцыі з сабакамі і санітараў. Пра гэта Радыё Рацыя паведамілі пенсіянеры, што прыйшлі да кіраўніцтва вобласці паскардзіцца на свае праблемы. Адзін з іх — Віктар Пралукоў — апынуўся ў хуткай дапамозе псіхіятрычнай клінікі.

Марыя Быстранкова

83-гадовая Марыя Быстранкова распавядае, як спрабавала абараніць 70-гадовага жыхара Гомеля.

Псіхіятрычная брыгада забірала Макаравіча. Я напярод стала. А яны мяне як адкінуць, я ледзь лбом аб сцяну не ўдарылася. Мне 83 гады і я дзіця вайны. Я выратавала падчас вайны падпольшчыка і партызанскага сувязнога. Будавала краіну. Я згубіла ў Афганістане адзінага сына. І не ведала, што прыйдзе ўлада, якая будзе знішчаць просты народ. Нам такая ўлада не патрэбная.

Некалькі чалавек спрабавалі аднесці да старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворнікава заяву за подпісам трынаццаці чалавек. У дакуменце яны прасілі паважлівага стаўлення да сябе. А таксама звярталі ўвагу на тое, што даручэнні кіраўніка вобласці байкатуюцца чыноўнікамі на месцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель