Бераставіцкае Укрыжаванне і яго легенда



Ёсць у Вялікай Бераставіцы ў алтары касцёла Перамянення Пана (новы касцёл) старажытнае драўлянае укрыжаванне, якое паходзіць, праўдападобна, яшчэ з сярэдзіны 18 стагоддзя. Аднак галоўнай адметнасцю яго ёсць тое, што зроблена яно паводле праваслаўнай традыцыі, у той час як пакланяюцца яму парафіяне-каталікі. Нагадаю, што на каталіцкіх укрыжаваннях ногі Збавіцеля складзеныя адна на другую і прыбітыя да крыжа адным цвіком, а ў праваслаўных наадварот – ногі знаходзяцца адна пры адной і прыбітыя кожная асобным цвіком.

З гэтым укрыжаваннем звязаная наступная гісторыя. Пачуў яе я ўпершыню ў 2011 годзе ад мясцовых старажылаў, а потым знайшоў яе пацверджанне ў польскіх друкаваных крыніцах.

Пасля падаўлення Студзеньскага паўстання 1863-64 гг. царскія ўлады закрылі бераставіцкі касцёл Наведзінаў Панны Марыі (стары касцёл), адзіны на той час у мястэчку, і перабудавалі яго ў царкву.

Стары Бераставіцкі касцёл

Напярэдадні перабудовы было прынятае рашэнне ўвесь каталіцкі інвентар, за выключэннем некалькіх прадметаў, перадаць у суседні малабераставіцкі касцёл, які пакуль яшчэ дзеіў. Для будучай царквы палічылі неабходным пакінуць толькі цудатворны абраз Рудаўскай Багародзіцы і ўкрыжаванне, пра якое ідзе гаворка. А каб яно годна служыла праваслаўным вернікам, палічылі неабходным перарабіць фігуру на праваслаўны манер. У цэлым павеце тады доўга шукалі, але не маглі знайсці майстра, які б узяўся за незвычайную справу. Урэшце знайшоўся чалавек, які папросту ўзяў і адрэзаў абедзве нагі Ісуса ніжэй калена і так пакінуў знявечаную фігуру ў алтары. Неўзабаве, падчас вонкавых работ касцёла гэтаму майстру звалілася на ногі вялізная цагліна, ды так пакалечыла, што небараку прыйшлося ампутаваць іх у тым самым месцы, дзе ён абрэзаў іх Хрысту. Праз нейкі час рэканструкцыя фігуры ўсё ж была даведзена да лагічнага завяршэння. Ногі, хоць і на праваслаўны манер, але вярнулі на сваё месца, прымацаваўшы да кампазіцыі з дапамогай драўляных шпунтоў і сталярнага клею. Пасля гэтага крыж доўгі час служыў праваслаўным вернікам, знаходзячыся ў перабудаванай з касцёла царкве, а напярэдадні 1-й сусветнай вайны ізноў вярнуўся да каталікоў. У выніку рэліквія апынулася ў бераставіцкім касцёле Перамянення Пана, дзе ў такім, незвычайным для парафіян выглядзе, знаходзіцца да сёння.

Ёсць верагоднасць, што напярэдадні паўстання перад укрыжаваннем маліліся Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі, якія у той час нярэдка наведвалі Вялікую Бераставіцу, абмяркоўваючы тут будучыя планы.

Сяргей Лушчык, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя