Шосты штраф Ларысе Шчыраковай за фрылансерства



Суддзя Гомельскага раёна Вольга Фядосава 4 кастрычніка аштрафавала журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Журналістка гэтым разам атрымала штраф памерам 35 базавых велічынь, што складае 805 рублёў. Ларыса Шчыракова прызнаная вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага  тэлеканала “Белсат” — паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП за відэасюжэт пра гаротны стан аўтарынку “Асаўцы”.

Гэта сёлета ўжо шосты штраф Шчыраковай за фрылансерскую дзейнасць. Агульная іх сума склала 4 086 рублёў. Ларыса Шчыракова ў судзе віны не прызнала, нават выказала непаразуменне, з якой нагоды міліцыя, а за ёй і суды абмяжоўваюць канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі.

У той жа дзень, 4 кастрычніка, суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў разгледзеў іншую адміністрацыйную справу ў дачыненні Шчыракой, якую ініцыяваў аддзел унутраных спраў гэтага ж раёна. Справа накіраваная на дапрацоўку ва УУС Гомельскага аблвыканкама.

У пратаколе, які склаў участковы інспектар Чыгуначнага РАУС Яўген Нерушаў, блытана напісана, што 9 жніўня Ларыса Шчыракова «ажыццявіла публікацыю відэасюжэта на сайце канала “Белсат” у праграме “Аб’ектыў” з правядзенннем інтэрв’ювання грамадзянаў па вуліцы Цімафеенкі ў Гомелі”. Назвы матэрыяла ў пратаколе няма. Апроч таго, 9 жніўня на сайце “Белсата” наогул адсутнічае хоць нейкая публікацыя з вуліцы Цімафеенкі.

baj.by