Алесь Зарэмбюк: Мы хочам паказаць шматкультурнасць Падляшша



У Беластоку адбудзецца падрыхтоўчая сустрэча праекта „National minorities = European wealth”, дзе будзе абмеркаваны моладзевы абмен у межах праграмы Еўразвяза – Erasmus +.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік арганізатараў мерапрыемства, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– Гэты абмен будзе прысвечаны тэме нацыянальных меншасцяў. Перадусім мова ідзе пра польскую нацыянальную меншасць у Беларусі, беларускую нацыянальную меншасць у Польшчы, а таксама польскую нацыянальную меншасць у Літве. Мы будзем сустракацца з лідарамі партнёрскіх арганізацый з Літвы і Беларусі. У гэтыя выходныя будзе працоўная сустрэча на гэтую тэму ў Беластоку, а ў лістападзе мы плануем вялікі абмен для прадстаўнікоў гэтых трох краінаў.

„Удзельнікам мы хочам паказаць шматкультурнасць Падляшша. Таксама цягам 7 дзён падыскутаваць пра стан і арганізацыі нацыянальных меншасцяў у Літве, Польшчы і Беларусі”, – зазначыў Алесь Зарэмбюк.

Прыняць удзел у праекце зможа моладзь ад 18 да 28 гадоў з партнёрскіх арганізацый.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце