Рэспубліка Саха, як месца жыцця і дзейнасці ліцвінаў-беларусаў



Кіраўніцтва Расейскай імперыі заўсёды старалася “забіваць адразу некалькі зайцоў”. Праводзячы войны па пашырэнні сваіх тэрыторый, імперыя думала пра ўласную бяспеку і новыя войны. Пасля акупацыі зямель ВКЛ палонных ліцвінаў-беларусаў і небяспечных палітычных яна адпраўляла на ўскраіны імперыі, аддзяляючы ад родных, ад сваёй зямлі, культуры і там выкарыстоўвала іх для пашырэння свайго ўплыву чужымі рукамі, чужым розумам (людзі з ВКЛ былі і адукаванымі і часта больш чалавечнымі ў кантактах з каланізуемымі народамі Сібіры). Маскоўскія ўлады таксама баяліся вялікай канцэнтрацыі “Літвы” ў Маскве (не блытаць з сённяшняй Летувай, прозвішчы тых палонных “літоўцаў”з ВКЛ не летувіскія), таму землі Масковіі і потым імперыі прырасталі і дзякуючы адпраўленым на ўскраіны беларусам-ліцвінам…

Ужо ў першых захопніцкіх паходах Ермака праз Урал на землі Сібірскага ханства супраць хана (цара) Кучума, 13-га продка Чынгісхана, шмат удзельнічала і выхадцаў з Беларусі-Літвы. Пасля паразы ад Ермака, праз 3 гады ў 1585 годзе цар Кучум адпомсціў за паразу і ноччу забівае Ермака. У 1593 годзе тысяча палонных беларусаў-ліцвінаў з Казані і Цецюшэй была паслана за Урал будаваць Тарскі гарадок на Іртышы, непадалёку сталіцы Кашлык Сібірскага ханства, паблізу сучаснай Цюмені. Нейкіх новых звестак, што беларусы-ліцвіны дайшлі аж да Якуціі ў 16 стагоддзі пакуль не знойдзена. Але ёсць дастаткова шмат звестак, што там яны пабывалі ў 17 стагоддзі…

…У 1632 годзе на правым беразе Лены казакамі быў закладзены астрог Якутск, будучая сталіца краіны Саха.

Бадай адным з першых ліцвінаў-беларусаў пабываў у Якуцку пасля самай страшнай у гісторыі Беларусі вайны з Масковіяй сярэдзіны 17-га стагоддзя, Даніла Аршынскі. У 1668 годзе, ён стаў нерчынскім і табольскім ваяводам.

Сцяпан Літвінцоў валодаў “селеніем” каля Ілімскага астрога, а яго сын стаў пазней Ілімскім ваяводам.

Панцырны рацар Адам Каменскі пасля палону (10 гадоў) пад Шкловам у 1660 годзе ў Якуцку быў назіральнікам у астрозе.

Фёдар Казырэўскі, палонны войска ВКЛ 1654 года з Смаленска служыў у Якуцку, а яго сын і унук сталі вядомымі даследчыкамі Сібіры. Сын загінуў каля Камчаткі. Імем унука Івана Казырэўскага названы мыс і гара на Курылах, затока і мыс на Шумшу, рака і паселішча на Камчатцы. Ён з атрадам казакаў і камчадалаў на байдарках стаў першаадкрывальнікам (для еўрапейцаў) Курыльскіх остравоў (Шумшу, а пазней і Парамушыра). Кіраваў Камчаткай, пазней стаў манахам, але абвінавачаны за забойства разам з казакамі “камчацкага Ермака” Атласава Іван памёр у турме, не дачакаўшы  дакументаў з Сібіры пра сваю невінаватасць. Іншы даследчык з ліцвінскімі каранямі Іван Яўрэінаў па даручэнні Пятра І працягваў справу Казырэўскага па вывучэнні і даследаванні Курыльскіх астравоў.

Дзякуючы ліцвінам-беларусам Івану Казырэўскаму, Івану Яўрэінаву і Змітру Паўлоцкаму (драгунскі капітан ВКЛ) Курылы і Камчатка замацаваліся за Расейскай імперыяй. Менавіта каманда Паўлоцкага прыняла ў падданства людзей з 4 астравоў Курылаў. А сам ён па іроніі лёсу загінуў 21.03.1747 года (270 гадоў назад) ад чукчаў, пра якіх з павагай пісаў: “Чукчы народ моцны, рослы, смелы, плячысты, моцнага целаскладу, разважлівы, справядлівы, ваяўнічы, любіць свабоду і не церпіць падману, помслівы, у час вайны, знаходзячыся у небяспечным становішчы, забіваюць сябе…”. Пазней  чукчаў у СССР прыніжалі здзеклівымі анекдотамі.

У Якуцку пабываў і палонны Людвік Сенніцкі намеснік камандуючага “дывізіі” у войску ВКЛ на пачатку 18 стагоддзя. Сярод якутаў ён жыў 13 гадоў. Разам з палонным шведам Філіпам Юханам Табертам (Страленбергам) яны ўпершыню падрабязна апісалі побыт якутаў.

У першай палове 18 стагоддзя. з Якуцка на караблі ”Якуцк” сям’я Прончышчавых даследавала сама паўночныя землі паўвострава Таймыр, пазней бухта стала насіць імя Прончышчавай. Мужа Прончышчавай ў экпедыцыю па вывучэнні ўзбярэжжа Ледавітага акіяна адабраў, як аднаго з найлепшых штурманаў Кранштата, сам Вітус Берынг. Сямён Чалюскін, родам з Тульшчыны, пасля хваробы Васіля Прончышчава ўзначаліць каманду судна ў 1742 годзе. і “адкрые” самую паўночную кропку Азіі (мыс Чалюскін).

У канцы 18 стагоддзя праз Якуцію на Камчатку везлі паплечніка Тадэвуша Касцюшкі, брыгадзіра войска Юзафа Копаця, які меў за адвагу ў баях залаты пярсцёнак №8 ад кіраўніка паўстання, быў паранены і ўзяты ў палон таксама пад Мацеевічамі, як і Тадэвуш Касцюшка. Ён напісаў цікавы дзённік падарожніка, дзе чукчаў, за іх любоў да свабоды і ваяўнічасць назваў “чаркесамі Сібіры”.

Чукчы з замежнай кнігі 18 ст.

“Бацька манголазнаўства” у Расеі, родам з Вялікай Бераставіцы, філамат Восіп Кавалеўскі пасля выслання ў Казань вывучаў народы Бураціі, Манголіі, Кітая. Праездам быў на мяжы з Якуціяй, але шлях ляжаў у бок Байкала, адкуль некалі якуты мігравалі на поўнач. Галоўная яго праца жыцця – тры тамы “Мангола-руска-французскага слоўніка”(1844-1849), быў рэктарам Казанскага ўніверсітэта.

Восіп Кавалеўскі

У 18-19 стагоддзях адбылася масавая хрысціянізацыя Якуціі. Найперш Якуцку і ваколіц. Якуты сёння носяць “рускія імёны і прозвішчы”, але вяртанне часткі людзей да сваіх дахрысціянскіх вераванняў ёсць і ў народа Сахі.

З 19 стагоддзя тут было шмат удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, народнікаў, сацыял-дэмакратаў і іншых палітычных ссыльных з Беларусі. Яркі след у даследаванні сібірскай фауны пакінуў арнітолаг, даследчык Байкала і актывіст падрыхтоўкі паўстання 1863 года на баку”чырвоных” Бенядыкт Дыбоўскі, родам з-пад Барысава. Яго засудзілі да 12 гадоў і разам з іншым удзельнікам падрыхтоўкі паўстання 1863 года з Беласточчыны Віктарам Гадлеўскім быў высланы ў Іркуцкую губерню. Пахаваны на Лычакоўскіх могілках у Львове, паблізу з помнікам паўстанцам 1863 года.

Бенядыкт Дыбоўскі

Ад вядомых ваяроў з Масковіяй 17 стагоддзя рода Бялыніцкіх-Біруляў, пайшлі адгалінаванні і на Якуцкую зямлю. Вячаслаў Вікенцевіч Бялыніцкі-Біруля, які пражыў амаль 100 гадоў, стаў прыродазнаўцам, літаратарам (пісаў найбольш пра прыроду і свабоду ў розныя часопісы, асабліва ў “Ахоту” ), працаваў бухгалтарам, быў наркамам фінансаў першага Урада Якуціі, бараніў ад чынавенства простых людзей. Як і вядомы мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля любіў паляванне, у тым ліку і на мядзведзяў.

Аляксей Андрэевіч Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся ў Беларусі у маёнтку з уласнай метэастанцыяй Андрэя Сімпліцыянавіча Бялыніцкага-Бірулі. Вучоны-натураліст, член-карэспандэнт АН СССР у галіне біялогіі, дырэктар Заалагічнага музея і прафесар Ленінградскага  ўніверсітэта. Браў удзел у экспедыцыі на Шпіцберген (1899) і ў першай рускай Палярнай экспедыцыі Акадэміі навук на судне «Зара» пад кіраўніцтвам барона Эдуарда Толя як даследчык фаўны і флоры Таймырскага паўвострава і Новасібірскіх астравоў (адносяцца да Булунскага ўлуса Якуціі) у Ледавітым акіяне. Пачынальнік шырокіх экспедыцыйных даследаванняў у СССР па паразіталогіі.. У 1929 годзе, абараняючы свайго супрацоўніка, быў зняты з пасады дырэктара, пазней арыштаваны, адбыў 3 гады Белбалтлагу. Памёр 18.07.1937 года, па іншых звестках расстраляны. Яго імем названы затока і гара на паўвостраве Таймыр, від расліны.

Геолаг са Случчыны і рэвалюцыянер-дэмакрат, беларус Канстанцін Валасевіч (Валасовіч), сын святара, шмат разоў бываў у Якуціі, пасля яго работ па геалогіі Якуціі даследаванні сталі рэгулярнымі і выявілі неверагодныя запасы прыродных багаццяў гэтага краю. Яго імем названы мыс на архіпелагу Паўночная Зямля, некаторыя выкапні і жывёлы. Геалагічнымі даследаваннямі займаўся пазней і яго сын і нявестка, вядомыя ў савецкі час вучоныя і геолагі.

Канстанцін Валасовіч

Бацька і сын, Андрэй і Барыс Вількіцкія пакінулі вялікі след у даследаванні Арктыкі. Барыс Вількіцкі, першы са славян (пасля шведа Нордэншэльда) на чале экспедыцыі (пасля смерці палкоўніка Сяргеева) на ледаколах “Таймыр” і “Вайгач” прайшоў Вялікі Паўночны марскі шлях (1909-1913) ад Уладзівастоку да Архангельску. Імем бацькі, Андрэя Вількіцкага названы невядомы востраў на поўнач ад Навасібірскіх астравоў. Бацька быў ініцыятарам гэтай экспедыцыі і начальнікам Галоўнага гідраграфічнага ўпраўлення.

Барыс Вількіцкі

Напрыканцы 19 стагоддзя даследаваў Сахалін, Якуцію, дзе змагаўся з заразнымі хваробамі, Тамаш Аўгусціновіч, верагодна з Меншчыны (па звестках Валянціна Грыцкевіча), на якога спасылаўся Антон Чэхаў у кнізе “Востраў Сахалін”. Усяго з Сібіры і Далёкага Ўсходу наш зямляк прывёз больш 40 тысяч мясцовых раслін ў Пецярбург, Батанічны сад і інстытут Акадэміі навук.

Але, відаць найбольш шырокавядомае імя сярод падарожнікаў-даследчыкаў таго часу Сібіры, Якуціі – рэк Яны, Індыгіркі, Калымы, удзельніка паўстання К. Каліноўскага, палітычнага выгнанніка з Беларусі-Літвы – Яна Чэрскага, які перад смерцю шкадаваў мясцовых якутаў і ламутаў. Яго імем названа горная сістэма ў паўночна-усходняй Якуціі, гара, перавал, даліна, горад на Калыме.

Напрыканцы, нельга не ўзгадаць пра сувязь з Рэспублікай Саха легендарнага паэта-патрыёта, эсперантыста, які за сваю беларускасць адседзеў пры трох розных “вызваліцелях” Сяргея Новіка-Пяюна (1906-1994). Пры Польшчы сядзеў некалькі разоў за стварэнне беларускіх бібліятэк і школ, пры немцах быў у лагеры смерці і яго расстрэльвалі за сувязь з партызанамі, пры Саветах у 1945 адправілі ў Сібір, але здолеў выжыць. Пры апошніх “вызваліцелях” адбываў пакаранне ў Якуціі, на прыіску Нэлькан, 27 метраў пад зямлёй, у лагеры НКВД, лаг-пункт №3. Але, Сяргей Новік-Пяюн, у адрозненне ад іншых патрыётаў паспеў убачыць як Беларусь стала незалежнай краінай у 1991 годзе. Пахаваны ў роднай вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна. Яго славутыя песні “Зорачкі” і “Слонімскі вальс” лічацца народнымі. Асабістая справа С. Новіка-Пяюна № П-5614 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Гарадзенскай вобласці. З успамінаў спадара Сяргея ведаем, што яго, маладога гімназіста Нясвіжскай гімназіі некалі падвёз да дому на возе будучы акадэмік Яўхім Карскі са сваім братам, шчыра потым развітаўшыся. Гэта запомнілася на ўсё жыццё.

Сяргей Новік-Пяюн

Пісьменнік, перакладнік, гісторык Іван Ласкоў (сапраўднае прозвішча Ласкавы)  нарадзіўся ў Гомелі, навучыўся чытаць у тры гады, скончыў дзве ВНУ, адну з чырвоным дыпломам, доўгі час жыў у Якуціі (пахаваны ў Якуцку), аўтар паходжання усходніх славянаў ад угра-фінаў, напісаў 5 кніг, трэцяя кніга стала першай кнігай па-беларуску яшчэ ў 1973 годзе. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета Якуцкай АССР. Памёр у адзін год з Сяргеем Новікам-Пяюном (1994).

Іван Ласкоў

Агромністы след у Рэспубліцы Саха, Расейскай імперыі і СССР пакінулі пасіянарныя ліцвіны-беларусы, якія ў пераважнай большасці не па сваёй волі апынуліся на чужыне! Яны ў Сібіры, Якуціі сталі выдатнымі адміністратарамі, вучонымі, пісьменнікамі, паэтамі і даследчыкамі новых усходніх зямель, частка з іх знаходзілася там ў сталінскія часы як “ворагі народа”.

Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя