Арыштаваны за сцяг заўзятар абвесціў галадоўку



Футбольны заўзятар Аляксандр Вянгерскі, які адбывае арышт у ізалятары часовага ўтрымання ў Барысаве, абвесціў галадоўку ў знак падтрымкі палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца за кратамі.

Фота з сацыяльных сетак.

Праваабаронцам пра гэта паведаміў грамадскі актывіст з Вялейкі Аляксей Сюдак, якому Вянгерскі даслаў ліст.

“Я, Вянгерскі Аляксандр, знаходзячыся ў ІЧУ Барысаўскага раёна 5.10. 2017 абвяшчаю галадоўку ў связі з тым, что не згодны з артыкулам 23.4 КаАП, паколькі супрацоўнікі праваахоўных органаў давалі розныя паказанні, а аднаго з іх я ўбачыў у зале суда ўпершыню. З майго боку непадпарадкавання і знявагі супрацоўнікам міліцыі не было”, – паведамляе заўзятар у лісце.

Галадоўку Аляксандр Вянгерскі праводзіць у падтрымку ўсіх палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца за кратамі.

Нагадаем, 29 верасня суд Барысаўскага раёна асудзіў Аляксандра Вянгерскага на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за адміністрацыйныя правапарушэнні: дробнае хуліганства  і непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы.

У Барысаве 28 верасня падчас матчу паміж футбольнымі камандамі БАТЭ і «Арсенал» на поле выбег заўзятар з бел-чырвона-белым сцягам і з гербам “Пагоня”. Яго затрымала ахова стадыёна і вывела з поля. Пазней стала вядома, што затрыманы – жыхар Вялейкі Аляксандр Вянгерскі. 

На судзе стала вядома, што пасля затрымання яго ставілі на калені супрацоўнікі амапу і білі па нырках, а таксама выклікалі да яго хуткую дапамогу.

spring96.org