Караць ці не караць смерцю?



У Менску адбылася публічная дыскусія “Смяротнае пакаранне: за ці супраць” з удзелам прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра “Вясна”. Дыскусія арганізавана ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання.

Няважна, што колькасць пакаранняў смерцю зменшылася ў параўнанні з 1999-2000 гадамі, важна тое, што яны адбываюцца, кажа старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

– Зараз смяротнае пакаранне мае вялікае сімвалічнае значэнне, можа быць, больш за нейкае прыкладное. Але тым не менш, у тых інструментах, якія ёсць ва ўладаў, смяротнае пакаранне прысутнічае. І, на жаль, Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе ёсць смяротнае пакаранне. І мы тут выдзяляемся вось гэтым.

Са словаў Алеся Бяляцкага, апошнімі гадамі больш за траціну беларускіх грамадзянаў стабільна выказваюцца супраць смяротнага пакарання. Гэта дастаткова вялікая лічба ва ўмовах, калі ў падтрымку смяротнага пакарання паслядоўна і часта выказваецца кіраўнік дзяржавы.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск