Фільмы з серыі “Носьбіты культуры” паказалі ў Шчытах-Дзенцялове



Мастак і абаронца пушчы ды беларускі пісьменнік з Гайнаўкі. Фільмы з серыі “Носьбіты культуры” аглядалі ў Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове. Праект прысвечаны асобам, якія развіваюць беларускую культуру на Падляшшы. Вучні-гімназісты ў Орлі гэтым разам паглядзелі фільмы пра мастака Віктара Кабаца і празаіка Міхася. Як кажа рэжысёр і наш рэдакцыйны калега Радаслаў Дамброўскі, фільмы ў цыкле “Носьбіты культуры” падрыхтаваны так, каб патрапіць таксама да маладога гледача.

– Мэтанакіравана было так, каб гэта было для гімназістаў і ліцэістаў, якія ўжо штосьці разумеюць і не будуць цалкам нудзіцца, як, напрыклад, малыя на такім фільме. Па-першае, каб распавесці ім даступна, бо кіно – вельмі лёгкі спосаб да таго, каб набываць нейкія веды.

У цыкле “Носьбіты культуры” да гэтай пары паўстала 8 фільмаў, між іншым, пра пісьменніка Віктара Шведа, этнографа Дарафея Фёніка ды стваральніка Фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы Міколу Бушко.

Паказ фільмаў адбыўся ў межах праекта “Традыцыя – сучаснасць – будучыня”, які ладзіць цэнтр “Шчыты”.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток