Мікалая Статкевіча на Акрэсціна спрабавалі заразіць на сухоты
Завяршыўся тэрмін 15-суткавага ўтрымання ў следчым ізалятары на Акрэсціна вядомага палітыка, аднаго з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалая Статкевіча. Аднак жонка Марына Адамовіч, паплечнікі ды журналісты не дачакаліся яго выхаду ў азначаны тэрмін. Палітыка чамусьці павезлі ў Ленінскі РАУС, дзе чыталі – “дурылі галаву” – яму тэкстам Закона аб масавых беспарадках. Але насамрэч уладам было чаго баяцца. Прыехаўшы назад да журналістаў на таксі, палітык расказаў жахлівую праўду – у турэмнай камеры яго спрабавалі заразіць на сухоты.
Мікола Статкевіч апавядае:
– Мяне памясцілі адразу пасля арышту ў камеру нумар пяць на першым паверсе. Яна ізаляваная, не мае вентыляцыі. Далей так званая тверская змена – людзі, звязаныя з КДБ – у сярэдзіне дня перавялі чалавека, які адразу выклікаў насцярогу. Прыстойна апрануты, але перад гэтым, адчуваецца, яго білі і цягалі па нечым. Быў вельмі зняможаны і затраўлены. Раптоўна сказаў, што хворы на сухоты, на адкрытую форму. І што міліцыянты забаранілі яму пра гэта казаць. Вельмі баяўся і дрыжаў пры гэтым. Пачаў ціснуць чырвоную кнопку, пачаў скандал. Мне таксама пагражалі карцарам, але праз 7 хвілін яго ад мяне забралі. Раней ведаеце хто выкрадаў і расстрэльваў сваіх апанентаў. Зараз спрабуе давесці да інсульту, як Някляева. Альбо заразіць небяспечнай хваробай. Гэта беспрэцэдэнтна!
26 верасня за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы з нагоды Дня вайсковай славы, а таксама супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017” Мікола Статкевіч быў асуджаны яшчэ на 5 сутак арышту. Паводле палітыка, улады “зберагаюць” іх для “пасадкі” перад Маршам абураных беларусаў, прымеркаванага на 21 кастрычніка.
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара