Сяргей Чыгрын выдаў «Слонімскія гісторыі»



Новая кніга беларускага літаратара, гісторыка, краязнаўца і журналіста са Слоніма Сяргея Чыгрына «Слонімскія гісторыі» выйшла ў менскім выдавецтве «Кнігазбор».

Аўтар кнігі зноў звярнуўся да гісторыі слонімскай зямлі, да яе знакамітых і забытых людзей, да тых падзей, якія адбываліся тут на працягу шматлікіх стагодддзяў.

Кнігу «Слонімскія гісторыі» склалі артыкулы Сяргея Чыгрына, якія былі напісаны ім у апошні час. Найперш у кнізе прыцягваюць увагу матэрыялы, прысвечаныя забытым і невядомым раней асобам, лёс якіх быў звязаны са Слонімшчынай ці, наогул, з былым Слонімскім паветам. Кніга адкрываецца матэрыялам пра Рыгора Акулевіча (1907-1974) — былога дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, а потым грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца і публіцыста ў Канадзе. З цікавасцю чытачы прачытаюць арыгінальны матэрыял пра беларускага паэта і калекцыянера Гальяша Леўчыка (1880-1944) са Слоніма і беларускую моладзь Варшавы першай паловы ХХ стагодддзя.

Даследчык нашай гісторыі змясціў у кнізе ўнікальны артыкул і рэдкія фотаздымкі пра былую студэнтку Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўніцу Беларускай Цэнтральнай Рады падчас Другой сусветнай вайны Еўдакію Казлову (1917-1983) і яе мужа — сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, удзельніка Першага штурмавога звязу, афіцэра Беларускай краёвай абароны, намесніка старшыні Беларускай самапомачы, удзельніка дэсанцкага батальёна “Дальвіц” Рыгора Зыбайлу (1913-1987).

У кнізе апублікаваны і шэраг іншых новых даследаванняў пра жонку Янкі Купалы Уладзіславу Луцэвіч, пра заходнебеларускіх літаратараў Анатоля Іверса, Валянціна Таўлая, Язэпа Крыгу, Маладога Дубка, пра першага протаігумена ўсходняй місіі і суперыёра законнага дому айцоў-езуітаў у Альбярціне каля Слоніма Уладзіміра Пянткевіча (1865-1933), які вывучыў беларускую мову, пісаў на ёй і размаўляў, і г.д.

Чытачы з вялікім задавальненнем прачытаюць у новай кнізе Сяргея Чыгрына пра слонімскіх фатографаў пачатку ХХ стагоддзя, пра лёс палаца Слізеняў у Новадзевяткавічах, пра слонімскую кнігу ў 1900-1939 гадах і іншыя матэрыялы.

Беларускае Радыё Рацыя