Максім Багдановіч, якога мы не ведаем



У Беластоку ў рамках фестывалю «Напрамак Усход» паказалі спектакль «Дзённік паэта» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з Менска. Выступ праходзіць у рамках тэатральнага фестывалю «Напрамак Усход», які ўпершыню ладзіць беластоцкі тэатр, на яго запрошаны ўкраінскія і беларускія акцёры.

Спектакль «Дзённік паэта. Інтымны дзённік» па п’есе Сяргея Кавалёва расказвае пра каханне Максіма Багдановіча і паказвае нам Багдановіча з іншага боку – кажуць акцёры.

Галіна Чарнабаева, артыстка РТБД:

— Другая праблема: ці публікаваць, хто апублікуе першы і хто за гэта колькі зрубіць „бабла”? Гэта праблема і сённяшняга дня. Вы кажаце: а дзе паэт? Напэўна, мы яго страчваем там: за сэксам, за грашыма. А ён ёсць.

Анастасія Баброва, артыстка:

— Рэжысёр, калі ставіў, у яго была адна думка: паэт, космас, каханне паэта. Праз два гады паэт памёр. Гэта было ягонае першае і апошняе каханне, калі трымціць усё.

Рэжысёр гэтага спектакля Віталь Баркоўскі. У сталіцу Падляшша трупа Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прывезла два спектаклі. Акрамя «Дзенніка паэта» сёння, 8 кастрычніка, а 19.00 мясцовага часу тут пакажуць спектакль «Беларусь. Дыдактыка».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: dramatyczny.pl