Несутычы – загадкавая капліца ў цэнтры вёскі
Вёска Несутычы непадалёк Наваградку – малапрыкметная мясціна ў баку ад шашы, што вядзе ў кірунку Любчы. Указальнік з дарогі ёсць, але далей, мінуўшы нейкія закінутыя фермы, можна заблукаць у палявых дарогах і адразу не патрапіць у гэтую вёску.
Пра вёску ведама, што тут нарадзілася беларуская мастачка Тамара Стагановіч, якая жыла спярша ў Нямеччыне, а ў 1950 годзе пераехала ў ЗША, дзе і набыла папулярнасць.
Нарадзіўся ў Несутычах і беларускі пісьменнік, прыродазнавец Вячаслаў Стома. Атрымваецца, што гэтая невялікая вёска дала беларускай культуры адразу дзве асобы.
Але нас у Несутычах цікавіла найперш адметная мураваная каплічка 19-га стагоддзя, якую дагэтуль даводзілася бачыць толькі на фотаздымках у інтэрнэце. Звестак пра яе ў энцыклапедычных даведніках няма. Застаецца спадзявацца, што нехта з даследнікаў архітэктуры адшукае інфармацыю ў архівах альбо ўжо яе мае і неўзабаве апублікуе.
Знайсці загадкавую каплічку было не так проста, давялося распытаць мясцовых людзей, якія на ўскрайку вёскі выбіралі бульбу.
На уездзе ў паселішча закінутая мураваная будыніна, вакол якой старыя спілаваныя дрэвы.
Сама каплічка знаходзіцца фактычна ў цэнтры вёскі пры скрыжаванні дарог. Яна амаль квадратная ў плане і выглядае “пастаўленым” прамавугольнікам. Да каплічкі вядуць каменныя прыступкі з выбітым напісам, які разабраць цяжка.
А ў самой каплічцы скульптурнае Ўкрыжаванне Хрыста. Апошнімі гадамі праведзена пэўная „кансервацыя” архітэктурнага помніка, якая ўсё ж замарудзіць яго разбурэнне. Ці дойдзе справа да рэстаўрацыі каплічкі? Мясцовыя людзі, з якімі ўдалося пагутарыць, моцна ў гэтым сумняваюцца.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара