Жыццё на выспе



Жыццё ў месцах аддаленых ды адасобленых мае свае нюансы ды паўтоны. Усе адзін аднаго ведаюць і… не выдаюць чужынцам мясцовых таямніцаў.

Вось і на выспе Бэр ля берагоў Ірландыі адзін шчасліўчык выйграў салідны прыз – 500 тысяч еўра. Той самы ўдалы квіток быў набыты ў мясцовым паштовым аддзяленні, але загадчыца аддзялення на ўсе роспыты цікаўных журналістаў упарта маўчыць. Насельніцтва выспы – 180 чалавек. Таемны багацей такім пакуль і застаецца. Зрэшты, мясцовыя жыхары паабяцалі зладзіць грандыёзнае свята з пачастункамі, калі ў рэшце рэшт усё супакоіцца! Ці пазавуць журналістаў на банкет – пытанне.

Маўчы – будзь хітры! Прынцып, якім кіруюцца і многія беларусы, але ж выспы ды балоты ў нас практычна знішчылі, таму культура выспы, хутара, адасобленасці сустракаецца ў нашых шыротах усё радзей… Затое Францыя часткова застаецца імперыяй і дзяржавай каланіяльнай – мае не адну выспачку ў акіяне. Адна з іх тэрмінова шукае новых жыхароў і гаспадароў у адной асобе. Выспа Кіменэс ля ўзбярэжжа Брэтані рызыкуе стаць пусткай.

Улады Францыі тэрмінова шукаюць жадаючых пасяліцца на выспе, з якой з’язджаюць на мацярык адзіныя яе жыхары. Апошнія… Сям’я Давіда і Суазік Кюіснье пражыла на выспе Кіменэс 10 гадоў, тут нарадзіліся двое іх дзяцей і вось… Людзей пазвала цывілізацыя, у прыватнасці, жаданне даць дзецям нармалёвую адукацыю, але ў свой час іх так сама пазвала да сябе выспа… І людзі пра сваю авантуру не шкадуюць: шэсць месяцаў на год (сезон!) яны прымалі турыстаў, гадавалі авечак, збіралі ядомыя водарасці і вырошчвалі бульбу сорта “Мона Ліза”, якую потым паспяхова прадавалі праз інтэрнэт. Зараблялі грошы па ўмовах праекта!

Проста ўсяму свой час… І кожнаму з нас патрэбна – хоць на нейкі час! – свая выспа ў моры. Свае шчаслівыя квіткі. Свой свет і свае людзі побач, якія не здадуць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ