У Савеце Еўропы абмяркуюць пытанні правоў чалавека ў Беларусі
9 кастрычніка пачынаецца візіт прадстаўнікоў беларускіх НДА ў Страсбург для ўдзелу ў шэрагу мерапрыемстваў Савета Еўропы. Ключавыя тэмы – смяротнае пакаранне і свабода асацыяцыяў.
Сярод візіцёраў – Алег Гулак і Юлія Хлашчанкова (РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»), Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (ПЦ «Вясна»), Юрый Чавусаў (Асамблея НДА Беларусі), Аляксандр Філіпаў (Ліберальны клуб), Андрэй Вардамацкі (Сацыялагічная лабараторыя «НОВАК») і іншыя.
10 кастрычніка ў Камітэце па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) пройдзе абмен думкамі наконт рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, прынятай на сесіі Асабмлеі 27 чэрвеня гэтага года.
У той жа дзень беларускія праваабаронцы возьмуць удзел у канферэнцыі „Вяртанне да смяротнага пакарання ў Еўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?”. Асаблівасці працы па адмене смяротнага пакарання ў Беларусі будуць абмяркоўвацца на панельнай дыскусіі „Асновы змагання супраць смяротнага пакарання і бягучыя выклікі”, дзе выступіць старшыня БХК Алег Гулак.
Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі выступіць ў межах дыскусіі пра бягучы стан свабоды аб’яднанняў у Еўропе, арганізатарам якой з’яўляецца група ALDE (Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу) у ПАСЕ. Апроч таго, у Алеся Бяляцкага запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Генеральнага сакратарыята Савета Еўропы і сябрамі Парламенцкай асамблеі.
Таксама ў гэтыя дні пачынае працу Канферэнцыя міжнародных НДА Савета Еўропы. Сярод асноўных тэмаў форума – прыхільнасць непадзельнасці правоў чалавека; абарона праваабаронцаў; заахвочванне роўнасці мужчын і жанчын; свабода сходаў і асацыяцый, а таксама стварэнне асяроддзя, якое б спрыяла функцыянаванню НДА ў дзяржавах-сябрах Савета Еўропы; дэмакратычнае кіраванне шляхам пашырэння ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў працэдурах прыняцця рашэнняў на мясцовым, нацыянальным і еўрапейскім узроўнях; змаганне з дыскрымінацыяй і гвалтам у дачыненні да уразлівых асобаў і групаў; актыўная грамадзянская пазіцыя ў інклюзіўным грамадстве; міграцыя: праблемы і наступствы; кіраванне і тэрытарыяльныя аспекты дэмакратыі.
Паводле spring96.org