Абвешчаны прысуд за: „Лукашэнка да Берасця не даедзе”



9 кастрычніка суд Маскоўскага раёна абвясціў прысуд па абвінавачванні 49-гадовай жыхаркі Берасця ў заведама ілжывым паведамленні пра небяспеку.

10 жніўня, падчас рабочай паездкі ў Берасце Аляксандра Лукашэнкі, жанчына была п’яная з-за «жыццёвых цяжкасцяў»: кажа, з ёй не разлічыўся наймальнік і ёй «захацелася каму-небудзь патэлефанаваць і выгаварыцца». Яна ўзяла мабільнік сужыцеля і патэлефанавала ў 102. Дачакаўшыся, пакуль спрацуе аўтаадказчык, яна папрасіла прабачэння і сказала, што «Лукашэнка да Берасця не даедзе», бо на шляху яго следавання «закладзена бомба».

Міліцыя хутка вылічыла ілжэмінёра, і ў дачыненні да жанчыны пачалі крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы.

«Суд Маскоўскага раёну прызнаў жыхарку горада вінаватай і прызначыў год пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на 1 год і абавязкам выканаць грамадска-карысныя працы тэрмінам 120 гадзін. Акрамя таго, ёй прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму », – паведаміў TUT.BY памочнік пракурора горада Ягор Кронда.

Сваю віну жанчына ў судзе прызнала і раскаялася.

На момант здзяйснення злачынства ў жанчыны ўжо была непагашаная судзімасць за прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фота mediabrest.by