Фільм «Бежанцы 1915-1922» ўзнагароджаны ў Кіеве



У чацвер прэм’ера, а ўжо праз некалькі дзён – першая ўзнагарода. Навейшы фільм беларускага рэжысёра Юры Каліны “Бежанцы 1915-1922стаў адным з пераможцаў XV Міжнароднага фестывалю “Pokrovkino” ў Кіеве. Дакументальнае кіно Каліны перамагло ў катэгорыі гістарычных стужак. У конкурсе прынялі ўдзел 60 фільмаў з 7 краін свету.

Паводле рэжысёра Юры Каліны, пасля прэзентацыі фільма яму давялося гаварыць з людзьмі, якім гісторыя бежанцаў неабыякава.

Я лічу, што, можна так сказаць, у алегарычным сэнсе гэты фільм заехаў у Кіеў слядамі бежанцаў – нашых людзей з Падляшша, якія ўцякалі, у тым ліку ў Кіеў, у 1915 годзе. Таму думаю, што варта было паехаць.

Гэты незвычайны і трагічны досвед трох мільёнаў чалавек не дачакаўся сваіх даследчыкаў. Літаратура, якая тычыцца гэтай тэматыкі, вельмі бедная, захавалася мала ўспамінаў. У Беларусі, як і Расеі, гэта падзея невядомая. У гістарыяграфіі таго перыяду дамінавала апісанне вайны. Сяляне не вялі дзённікаў, а вусныя ўспаміны, як правіла, забываліся…

Фільм Юрыя Каліны – гэта часткова гісторыя яго сям’і: прабабуля рэжысёра мусіла выехаць з роднай вёскі Кашэлі, што на Бельшчыне, тады Гарадзенскай губерні, у казацкую станіцу Стэпавае Мацюніна Саратаўскай губерні.