Анатоль Вап: Тэатр на роднай мове – важны для беларусаў Падляшша



Тэатр на роднай мове асабліва важны для беларусаў Падляшша, кажа дырэктар дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Маршалкоўскай управы Анатоль Вап. У Беластоку паралельна праходзілі два тэатральныя фестывалі, дзе выступалі акцёры з Беларусі. На выходных завяршыўся фестываль «Напрамак Усход», а сёння спектаклем для дзяцей «А мне не сорамна» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі завяршыўся фестываль «Одэ».

Паводле Анатоля Вапа, на Падляшшы заўсёды чакаюць беларускія спектаклі:

– Гэта вельмі патрэбна. Як мы бачылі, на гэтых спектаклях тэатра беларускай драматургіі былі поўныя залы. Цікавасць ёсць. Я ездзіў з драматычным тэатрам Беластока ў Менск. Там таксама спектаклі прыйшлі пры поўных залах. Значыць, ёсць інтарэс публікі. Тут яшчэ важна, у нас у Беластоку ёсць беларуская меншасць. І важна для гэтай меншасці, каб мець магчымасць глядзець пастаноўкі на беларускай мове.

Неўзабаве яшчэ больш спектакляў з Беларусі пабачым на Падляшшы, спадзяецца Анатоль Вап, паколькі Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве, якая замацоўвае польска-беларускія тэатральныя кантакты.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя