Беларусы здалі на 2 млрд даляраў больш, чым купілі



Па выніках дзевяці месяцаў 2017 года ў Беларусі захавалася тэндэнцыя чыстага продажу насельніцтвам замежнай валюты. Прычым насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом наяўнай валюты ўжо дваццаць месяцаў запар, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

Так, за студзень—верасень насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты за 5 млрд 409 млн даляраў ЗША ў эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах 3 млрд  482 млн даляраў. Такім чынам, чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 1 млрд 927 млн даляраў.

З улікам безнаяўнай валюты чысты продаж валюты насельніцтвам склаў 1 млрд 587 млн даляраў у эквіваленце.

За 2016 год насельніцтва Беларусі прадало наяўнай замежнай валюты на 2,4 млрд больш, чым купіла, і ў цэлым ужо каля двух гадоў выступае чыстым прадаўцом валюты.

Паводле ацэнак фінансавых аналітыкаў, прапанова валюты з боку фізічных асоб паступова будзе змяншацца. Зніжэнне даходаў насельніцтва будзе прыводзіць як да скарачэння попыту на замежную валюту, так і да памяншэння яе прапановы.

На думку экспертаў, у найбліжэйшыя месяцы беларусы, хутчэй за ўсё, будуць працягваць выступаць чыстымі прадаўцамі валюты, бо рост рэальных заробкаў адбываецца вельмі ўмеранымі тэмпамі.

1 чэрвеня гэтага года ў Беларусі адменена патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных даных фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту. Рашэнне аб лібералізацыі валютнага рэжыму прынята па ініцыятыве Нацбанка з улікам стабільнай сітуацыі на ўнутраным валютным рынку.

belapan.com