Час новых дзяржаў



Сонечная актыўнасць узрасла, тэктанічныя пліты зрушыліся, клімат мяняецца, народы прыйшлі ў забурэнне і рух. Ёсць такая навуковая тэорыя, якая тлумачыць падзеі, што адбываюцца на нашай Зямлі, знешнімі фактарамі і ўплывам няведамых дагэтуль нам сілаў. Не з’яўляючыся зацятым прыхільнікам гэтай тэорыі, абсалютна дапускаю, што так яно і ёсць. Наша планета сапраўды нагадвае адзін жывы арганізм, дзе ўсё звязана і, як казалі раней, узаемаабумоўлена. Вялікія перасяленні народаў дык дакладна былі звязаныя з кліматычнымі зменамі. А вось утварэнне новых дзяржаў праходзіла рознымі шляхамі – мірным аб’яднаннем ці раз’яднаннем, захопам альбо далучэннем розных зямель. Ніколі так не было, каб дзяржаўныя ўтварэнні былі настолькі ўстойлівымі, каб не мяняцца. Гінулі вялікія цывілізацыі і агромністыя імперыі, паўставалі новыя, потым надыходзіла іх чарга. І так праз стагоддзі і тысячагоддзі. Так што ў зменах дзяржаўных межаў ніякай глабальнай трагедыі няма. Першае, што трэба ўсвядоміць кожнаму чалавеку – у гэтым свеце ніколі не было, няма і дакладна не будзе справядлівасці. Прыкладам, хто ведае – як развязаць зараз справядліва пытанне дзяржаўнасці курдаў? Думаю, што ніхто. Але куды падзецца цэламу народу, якога больш 10 мільёнаў і які раскіданы па тэрыторыях ажно некалькі сумежных дзяржаў!? Тое, што трэба знайсці зямлю для гэтага народу – ужо бясспрэчна, цяпер толькі пытанне ў тым, як уладкаваць гэтую новую дзяржаву на мапе свету. А якой яна будзе – залежыць ад многіх і розных фактараў.

У сітуацыі дачыненняў Барселоны і Мадрыда ўсё нібыта прасцей, але з іншага боку – нават складаней. Тое, што Каталонія хоча большай самастойнасці – зразумела, тое, што Іспанія не хоча драблення сваёй вялікай дзяржавы – таксама ясна. А сучасная дэмакратыя, нават у дваццаць першым стагоддзі, пакуль не навучылася як удала развязаць пытанне вялікай супярэчнасці міжнароднага права. Гэта калі ў супярэчнасць уваходзіць права дзяржаў на тэрытарыяльную цэласнасць і права народаў на самавызначэнне і адпаведна стварэнне сваёй дзяржавы. Ужо зразумела, што справядлівага рашэння дасягнуць будзе надзвычай цяжка, тут абы ўдалося дасягнуць мірнага. Каталонцаў вінавацяць у сепаратызме і папулізме іх лідараў, цэнтральныя мадрыдскія ўлады – у імперскасці і антыдэмакратычнасці. Падзяліла каталонская праблематыка і беларусаў. На эмоцыях  зрабіў я ў сваім фэйсбуку катэгарычны допіс, на што зрэагавалі па-рознаму. Адзін са старэйшых сябраў напісаў, што няма чаго нам туды лезці са сваім рылам, маўляў, трэба вырашаць свае беларускія праблемы, і ўвогуле ёсць закон, які нельга пераступаць. Іншыя пракаментавалі, што каталонскія трацкісты давядуць свой народ такім чынам да краху, так што, маўляў, “няма на іх Франка”, які б хутка навёў парадак. Некаторыя нават параўналі сітуацыю з украінскім Крымам. Ну а многія падтрымалі думку, што дзеянні цэнтральнага ўраду сапраўды недапушчальныя. І тут я прыйшоў да другой простай высновы – нават у асяродку духоўна блізкіх людзей бывае рознае разуменне законнасці і тым больш справядлівасці.

Мая думка такая – наконт Каталоніі – у сітуацыі, што склалася, мадрыдскі ўрад павінен быў памагчы забяспечыць дэмакратычнае галасаванне па пытанні незалежнасці, тым больш, што не ўвесь народ там за аддзяленне ад Іспаніі. Альбо яшчэ раней здзейсніць нейкія прэвентыўныя захады – прыкладам афіцыйна дазволіць стварыць футбольную дружыну Каталоніі з просьбай, каб яе адразу прызнала УЕФА. Гуляюць жа асобнымі зборнымі ўжо доўгія дзесяцігоддзі прадстаўнікі Вялікабрытаніі – Шатляндыя, Уэльс, Паўночная Ірляндыя – і ад гэтага толькі ўсе выйгралі. І яшчэ пару такіх элементаў незалежнасці, мераў, скіраваных на прываблівасць Мадрыда. Глядзіш – гадоў дваццаць ніхто і не захацеў бы аддзяляцца. Замест гэтага ўрад Рахоі выявіў сапраўдную цвердалобасць. Вырашэнне пытання сілавым метадам – непапраўная памылка. Нельга біць людзей за іх права выбіраць сваю будучыню. Увогуле, нельга біць нікога і ніколі, апрача сітуацыі нейтралізацыі і ліквідацыі тэрарыстаў. Па маладосці я таксама любіў дзяліць людзей і палітычныя плыні на “левых” і “правых”. Зараз лічу такі падзел як мінімум павярхоўным, а часта і штучным. Трэба глядзець ледзь не кожнага чалавека, а тым больш палітыка ці грамадскага лідара, як ведама са старажытнай мудрасці, “па пладах яго”.

Тое ж, што нішто не стаіць на сваім месцы і будуць непазбежна стварацца новыя дзяржавы – не добра і не кепска, гэта закон гісторыі, які не адкінеш.

 

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ