Казачніца з беларускіх Хойнікаў у далёкім Марый-Эл



Вольга Рэбко – перакладчыца, педагог, журналістка. Супрацоўніца газеты “Астравецкая праўда” і аўтар інтэрнэт-часопіса http://kidsher.ru. Піша пра праблемы людзей з інваліднасцю, іх жыццё, праекты, клопаты – для таго, каб людзі здаровыя разумелі і прымалі тых, хто мае нейкія фізічныя абмежаванні. Наводзіць масты – жартуе сама Вольга… І піша казкі. З-за складанай хваробы не можа хадзіць і перамяшчаецца на інвалідным вазку… Але мы размаўлялі не пра хваробы.

Дзяўчына з беларускага гарадка Хойнікі трапляе ў далёкую Йошкар-Алу, за паўтары тысячы км…

Напэўна, такіх гісторый будзе шмат… Вёска Малочкі пад Хойнікамі і бацька-студэнт, які пасля інстытута ў Брацку едзе адпрацоўваць размеркаванне аж у Якуцію. Мы з мамай, канешне, паехалі за ім, а калі хацелі вярнуцца дадому, то спачатку я трапіла ў бальніцу з пераломам, а потым мы атрымалі ліст з дому – маўляў, не спяшайцеся… Па тэлевізару сказалі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Ад нашай вёскі напрасткі да яе – 10 км. Вось так і засталіся мы ў Расеі, толькі з Якуціі пераехалі ў Марый-Эл, да мамінай сястры… Тут і засталіся, жывем у прыгарадзе  Йошкар-Алы, пасёлку Мядзведзева, але часта бываем у Беларусі: тут шмат родных, сябры…

 

Таму ты пішаш для адной з беларускіх газет?

Пісьменніца і рэдактарка “Астравецкай праўды” Ніна Аляксееўна Рыбік – наша зямлячка з Хойнікаў, паходзіць з суседняй вёскі. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС яна апынулася на захадзе Беларусі, у Астраўцы, а потым яны з маёй мамай знайшліся на “Аднакласніках”… Крыху пазней, дзякуючы маме, мы пазнаёміліся таксама… Я набралася смеласці і адправіла Ніне Аляксееўне свае казкі і некалькі артыкулаў – зірнуць. Яна прапанавала мне супрацоўніцтва з газетай. Спачатку цяжка было ўявіць, што я магу прапанаваць выданню, якое знаходзіцца так далёка… Але мы знайшлі агульныя тэмы. Адна з іх – праблемы людзей з інваліднасцю, іх жыццё, праблемы і радасці.

Йошкар-Ала размешчана на Волзе, гэта сталіца Рэспублікі Марый-Эл. Горад невялікі, прыгожы, зялёны… Дынамічна развіваецца, мае свае плюсы і мінусы.  Шмат год лічыўся вайсковым закрытым горадам, які нельга было знайсці на карце… Цяпер усё дастаткова празрыста і адкрыта.

Калі казаць пра мінусы, то давай паразмаўляем пра бар’еры для вазочнікаў. Ці ёсць месцы, дзе ты можаш спакойна прайсціся, пагуляць?

Напэўна, гэта парк і бульвары ў цэнтры… Фантаны, лаўкі, масты, узбярэжжа Волгі…Такая сабе роўная прастора. Не кожны мост дасяжны. І не кожная кавярня. Гэта месца, каб прайсціся, у першую чаргу. Не месца зручных пасядзелак для вазочнікаў.

Ты часта падарожнічаеш… Як табе Беларусь?

Мне Беларусь вельмі падабаецца… Бываю не кожны год і заўсёды бачу штосьці новае. Жыццё ідзе. У асноўным прыязджаем да родных, але ў мінулым годзе я была ў Астраўцы (сустракалася з калегамі) і ў Полацку – як удзельніца штогадовага літаратурнага конкурса “Славянская ліра” і аўтар, што піша на рускай мове. Там былі прадстаўнікі з розных краінаў – Англіі, Францыі, краіны Балтыі… Я ў першы раз адправіла сваю казку і  стала пераможцай у жанры “Малая проза”. Пісаць у жанры фэнтазі  – аповеды і апавяданні – я пачала з падлеткавага ўзросту, а казкі з’явіліся ў маім жыцці гады чатыры таму. Па-беларуску чытаю, мову разумею, але пішу на рускай мове – усё ж вельмі рана з’ехала… Дарэчы, чытаць навучылася па дзвюхмоўнай кнізе “Светлячок”, якую мне дзядуля падарыў.

 

З калегамі ў Астраўцы.

Усё ж нездарма твая прафесія звязаная са словам…

Так, я скончыла англа-французскае аддзяленне педагагічнага універсітэта. Адукацыю нам далі грунтоўную, таму можна працаваць настаўнікам, гідам ці перакладчыкам – кім заўгодна! Я прынцыпова пайшла вучыцца на вочнае аддзяленне, каб авалодаць мовамі. Насуперак адсутнасці ва універсітэце безбар’ернага асяроддзя. Было цяжка. У той час я была адзінай сярод трох ВНУ горада студэнткай-вочніцай на інвалідным вазку… І скончыла універ тольк дзякуючы бацькам. Пяць год мы з мамай прамяшчаліся ўверх-уніз з вазком па шматлікіх прыступках. Прайшло 12 год – сітуацыя не змянілася. Чалавеку з абмежаванай мабільнасцю вельмі цяжка атрымаць вышэйшую адукацыю вочна… А завочна… Які сэнс вучыць замежныя мовы завочна? Гэта ўжо проста магчымасць замацаваць наяўныя веды і атрымаць дыплом.

Аднакурснікі дапамагалі?

Педагічны – традыцыйна “жаночы” універсітэт… Сумленне не дазваляла сказаць ім, маленькім і худзенькім: “Дзяўчаты, а давайце падымем мяне на чацверты паверх!” Рэчы, канечне, дапамагалі насіць. На што нам яшчэ спадзявацца, калі не на рукі нашых бацькоў?

Атрымаць адукацыю – адно, а знайсці працу – іншае… Як у цябе з працай цяпер?

Мне падаецца, што педагічная адукацыя ніколі цябе без куска хлеба не пакіне… Я пэўны час займалася рэпетытарствам, даволі актыўна, але гэта моцна стамляе – пастаянна трэба падстройвацца да вучняў і часу на свае справы не хапае. Шмат часу ідзе на падрыхтоўку да ўрокаў… Мне больш падабаюцца пераклады, праца са словам, тэкстам. І толькі ў скрайнім выпадку я зноўку пачну кагосьці чамусьці вучыць.

Раскажы пра твой праект “Школа прыгажосці”

Ёсць такі праект у Расейскай Фдэрацыі  – “Акрыленыя марай”. Фотапраект, прысвечаны прыгожым і паспяховым дзяўчатам на інвалідных вазках… І пасля заканчэння мясцовага этапу я не захацелася спыняцца – адчула ў сабе сілы зрабіць штосьці новае ў такім стылі – пра жаноцкасць і прыгажосць. І прыдумала праект “Школа прыгажосці”. Серыя абсалютна розных майстар-класаў – ад псіхалогіі і макіяжу да сумесных падарожжаў і выездаў у горад. Усё для таго, каб жанчына з інваліднасцю адчула сябе прыгожай і сама пачала ствараць прыгажосць. У мінулым годзе было шмат сустрэч – спадзяюся на працяг у гэтым годзе! Насамрэч быць прыгожай, перамяшчаючыся на інвалідным вазку, няпроста – пачынаючы ад непрыстасаванага памяшкання для нашых майстар-класаў (ну, не мае мясцовы краязнаўчы музей грошай на пандус!) да цырульні побач з маім домам, дзе таксама адсутнічае безбар’ернае асяроддзе: уладальнік мае грошы на пандус, робіць яго, але такі, што карыстацца немагчыма! І здзіўляецца, што я такая вось “няўдзячная” кліентка. І выслухаць ды зразумець не хоча…

Ведаю, што ты ствараеш прыгажосць сваімі рукамі…

Так, гэта маё хобі і заробак адначасова! Вышываць і шыць лялек я пачала яшчэ ў студэнцтве, каб адпачыць ад вучобы. Тое, што раблю, спрабую рабіць з карысцю. Са сваімі вырабамі ўдзельнічаю ў выставах і кірмашах, паказваю іх людзям і прадаю. Які сэнс у тым, каб заваліць ппрыгажосткамі паліцы? Трэба развівацца і ісці далей. Прыгожа!

Дар’я Ліс для Радыё Рацыя

Фота прадастаўлены Вольгай Рэбко