Агучаныя прысуды па справе дамоўных матчаў у чэмпіянаце Беларусі



Прысуд па першай у беларускай следчай і судовай практыцы справе аб дамоўных матчах у чэмпіянаце Беларусі па футболе вынес 12 кастрычніка суд Першамайскага раёна Менска.

Працэс праходзіў у памяшканні суда Ленінскага раёна. Прысуд пятнаццаці фігурантам — былым і дзейным футбалістам, трэнерам (футбольныя клубы „Граніт”, „Іслач”, „Ашмяны”, „Прамень”) — абвясціў суддзя Дзмітрый Цыкал. Дзевяці з іх ставілася ў віну ўчыненне злачынства, прадугледжанага чч. 1 і 2 арт. 253 КК (подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў, учынены паўторна), астатнім — ч. 1 арт. 253 КК (без паўторнасці. — БелаПАН).

Чатырнаццаць з пятнаццаці абвінавачаных прызналі віну цалкам, адзін — часткова.

Рашэннем суда Вячаслаў Замара прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Юрый Сыраквашка прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, яму на працягу пяці гадоў забаронена ўдзельнічаць у прафесійных спартыўных спаборніцтвах.

Грамадзянін Украіны Яраслаў Лемык прыгавораны да штрафу ў 4.000 базавых велічынь.

Віталь Жалудок — прыгавораны да штрафу ў памеры 1.200 базавых велічынь.

Уладзімір Макоўскі прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На працягу пяці гадоў яму забаронена ўдзельнічаць у прафесійных спартыўных спаборніцтвах.

Сяргей Шуманаў, Аляксандр Лебедзеў, Андрэй Парываеў і Аляксандр Цішкевіч прыгавораныя да штрафу ў 800 базавых велічынь кожны.

Юрый Рыжко і Ілья Гаўрылаў прыгавораныя да штрафу ў 500 базавых велічынь кожны.

Ігар Жураўлёў, Ягор Гудзель, Вячаслаў Палазнік і Аляксей Саковіч прыгавораныя да штрафу ў 400 базавых велічынь кожны.

Дзяржабвінаваўца Анатоль Кабяк прасіў суд прыгаварыць абвінавачанага Яраслава Лемыка, як арганізатара злачыннай схемы, да двух гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, упершыню факт атрымання грошай за аказанне незаконнага ўплыву на вынік прафесійнага футбольнага матча быў усталяваны ў красавіку 2016 года.

Паводле даных следства, грамадзяне Украіны і Расеі перадавалі, у тым ліку праз пасрэднікаў, грошы футбалістам каманд беларускага чэмпіянату, якія павінны былі паўплываць на вынік. У далейшым ставіліся буйныя сумы ў замежных букмекерскіх канторах на зыход матча з мэтай атрымання даходу. Велічыня ставак залежала ад катэгорыі матча. На матч першай лігі — ад 1.000 да 4.000 долараў, вышэйшай лігі і Кубка краіны — ад 10.000 да 18.000 долараў. Асноўныя стаўкі рабіліся ў азіяцкіх і еўрапейскіх букмекерскіх канторах.

У справе згадваюцца матчы: „Баранавічы” — „Ашмяны” (першая ліга) 5 чэрвеня 2016 года, „Прамень” — „Гомельчыгунтранс” (першая ліга) 25 чэрвеня 2016 года, „Прамень” — „Ашмяны” (першая ліга) 2 ліпеня 2016 года, „Іслач” — „Дынама-Брэст” (вышэйшая ліга) 30 красавіка 2016 года, паядынак Кубка Беларусі БАТЭ — „Граніт” 20 лістапада 2015 года.

Як заявіў у праграме „ЧП.by” тэлеканала „НТВ-Беларусь” 24 студзеня гэтага года старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Сяргей Ванагель, асаблівую занепакоенасць выклікала тое, што арганізатары дамоўных матчаў сталі звязвацца з крымінальнымі аўтарытэтамі.

„Задакументаваны факт удзелу беларускіх крымінальных аўтарытэтаў у вырашэнні пытанняў, якія ўзнікалі ў беларускіх арганізатараў з заказчыкамі з Украіны. А ў далейшым гэтыя крымінальныя аўтарытэты не толькі атрымлівалі грошы за ўдзел у „разборках”, але і ўкладвалі свае крымінальныя сродкі ў стаўкі ў букмекерскіх канторах і у тыя грошы, якія выкарыстоўваліся для подкупу гульцоў”, — паведаміў Ванагель. БелаПАН