Пра сацыяльную Беларусь, дзе бедным няма месца
Беларусь — сацыяльная дзяржава. Настолькі сацыяльная, што ў жанчыны, якая не мае шкодных звычак, але аказалася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, забралі сына. Выдатны падарунак да дня маці, які адзначаецца ў нашай краіне 14 кастрычніка.
Жыхарка Магілёва сама выхоўвала сына. Сваякоў у яе няма. Мужа таксама. Бацькі памерлі. У свой час яна працавала галоўным бухгалтарам. Аднак сышла з прадпрыемства, паколькі там не плацілі грошай. Без працы ў жанчыны накапіліся пазыкі за камуналку. Ёй адключылі газ і электрычнасць. А ў дадатак да складанай эканамічнай сітуацыі далучыліся сацыяльныя службы. Спачатку яны прапанавалі жанчыне добраахвотна аддаць дзіця ў прытулак. А калі тая адмовілася, то забралі самі. Вось і ўся сацыяльная дзяржава. Атрымліваецца, што ў Беларусі дзяцей могуць мець толькі багатыя. І няважна, любяць яны іх ці не. Займаюцца імі ці не. Галоўнае, каб сацыяльныя службы ўбачылі набор прадуктаў на тыдзень. Для астатніх — застаўся без працы, не заплаціў за камуналку — развітайся з дзецьмі.
Дзякуй богу, у Беларусі з бедных сем’яў пакуль не пачалі масава забіраць дзяцей. Бо гэта будзе азначаць толькі адно: калі людзі вельмі любяць дзяцей, але не маюць грошай, то для іх шлях да бацькоўства закрыты. А ўвогуле хацелася б нагадаць, што Сафі Ларэн, Уолт Дысней і Марыя Кюры выраслі ў бедных сем’ях. І калі б іх забралі ад уласных бацькоў сацыяльныя службы, то, хутчэй за ўсё, свет застаўся б без прыгожай актрысы, выдатных мульцікаў і без адкрыцця хімічнага элементу радыя.