Чаму ў Менску будуць падвышацца кошты на жыллё?



Днямі старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька заявіў, што ў 2017 годзе аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы плануецца скараціць практычна ў два разы. Эканаміст Леў Марголін адзначае, што гэта пацягне за сабой падвышэнне коштаў на квадратныя метры.

Леў Марголін

 У 2014 годзе ў сталіцы плануецца пабудаваць 1 млн. 100 тыс. кв.м жылля, у 2015-м – 900 тыс. кв.м, у 2016 і 2017 гадах аб’ём будаўніцтва знізіцца суадносна да 750 і 600 тыс. кв.м. Аднак будаўніцтва арэнднага жылля павінна ўзрасці.

Леў Марголін: Калі знізяцца аб’ёмы будаўніцтва жылля, то гэта, безумоўна, паўплывае на яго кошт. Рэгуляваць прапанову жылля на рынку адмінстрацыйным шляхам – азначае загадзя ведаць, што кошты будуць расці. У рынкавай эканоміцы ўсё рэгуляецца попытам і прапановай. Таму жыллё падаражэе адназначна.

РР: У Менску кошты на жыллё даволі вялікія нават у параўнанні з некаторымі еўрапейскімі гарадамі, дзе ўзровень жыцця значна вышэйшы. Чаму так атрымоўваецца?

Леў Марголін: Тут ёсць дзве акалічнасці. Першая – на рост кошту ўплывае скарачэнне яго прапановы. Але прысутнічае і адваротная тэндэнцыя – невялікія заробкі беларусаў (у тым ліку, і менчукоў), якія крыху тармозяць працэс. Калі б не гэта, то кошты раслі б, як у Маскве. Ні ў якай іншай краіне няма такога, каб такія рэчы рэгуляваліся адміністрацыйна. А ў нас, нягледзячы на тое, што сярэднія заробкі па краіне не вельмі высокія, у сталіцы ўсё ж на чвэрць большыя. Значыцца, народ імкнецца ў Менск і гэтым самым ствараецца павышаны попыт на квадратныя метры. І сёння звычайнаму чалавеку не пад сілу пабудаваць кватэру, калі ён возьме крэдыт у банку пад вялізныя працэнты. Ды шмат на сярэдні заробак і не дадуць. А багатыя будуюцца і без прыцягнення крэдытаў.

РР: Назіраецца і такая тэндэнцыя, што ў беларускай сталіцы скупляюць жыллё расейцы. Ці ўплывае гэта на жыллёвы рынак?

Леў Марголін: Тут трэба глядзець на статыстыку. Калі доля такіх расейцаў вялікая, то яны, натуральна, уплываюць на рынак, бо ствараюць дадатковы попыт. У расейцаў усё ж-такі узровень прыбытку вышэйшы, чым у беларусаў. Ды і кватэры тут таннейшыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя