«Бежанства – гісторыя звычайных людзей»
Моладзь з Гайнаўшчыны будзе даследаваць Бежанства 1915 года. Гайнаўскі павет ды Белавежскі нацыянальны парк пачалі рэалізацыю праекту «Бежанства – гісторыя звычайных людзей», які фінансуецца са сродкаў Еўразвязу, у рамках ініцыятывы «Еўропа для грамадзянаў». У рамках праекту вучні сярэдніх школаў будуць збіраць ды індывідуальна апрацоўваць інфармацыю, датычную Бежанства 1915 года.
«Яны будуць распытваць старэйшых жыхароў Падляшша пра іх успаміны наконт гэтай падзеі», – кажа адная з каардынатарак праекта Эва Мароз-Качынская з Белавежскага нацыянальнага парку:
– Тая інфармацыя, якую яны пачуюць ад людзей, і ляжа ў аснову іх працы. Гэта можа быць інтэрв’ю, дакументальная стужка, рэпартаж… Практыкум навучыць іх як аналізаваць тое, што яны сабралі, і як пасля гэта перапрацаваць, каб праца стала аўтарскай.
У рамках праекта завязалася ўжо супраца з Універсітэтам ІІІ веку, сябры якога распавядуць моладзі пра свае веды пра бежанства. Агулам праект будзе працягвацца з кастрычніка 2017 года да кастрычніка 2018 года. Больш інфармацыі наконт удзелу ў праекце «Бежанства – гісторыя звычайных людзей» можна даведацца ў Павятовым старастве ў Гайнаўцы ды на сайце ўстановы.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя