Рабочыя полацкага «Шкловалакна» прынялі рашэнне аб правядзенні страйку
Рабочыя полацкага заводу «Шкловалакно» 10 кастрычніка на канферэнцыі прынялі рашэнне аб правядзенні страйку. Канферэнцыю рабочых арганізаваў Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ). Рабочыя патрабуюць роўнага стаўлення да працоўных заводу, незалежна ад удзелу ў прафсаюзе.
Як распавялі прафсаюзныя лідары, правядзенне страйку на «Шкловалакне» стала апошняй мерай, каб спыніць здзекі з рабочых у выглядзе дыскрымінацыі і псіхалягічнага тэрарызавання за ўдзел у Свабодным прафсаюзе. У патрабаваннях рабочых да наймальніка змяшчаецца 17 пунктаў, якія тычацца змены нормаў калектыўнай дамовы. Гэтыя патрабаванні павінны забяспечыць неўмяшанне наймальніка ў дзейнасць прафсаюзу, роўнае стаўленне да рабочых, якія ўваходзяць у розныя прафсаюзы.
Правядзенне страйку намечанае на перыяд з 1 лістапада да канца года. Як мяркуюць прафсаюзныя актывісты, страйк будзе насіць характар веернага развіцця ў розных брыгадах ў розны час. Рашэнне пра форму, месца і час страйку будуць прымаць непасрэдна працоўныя падраздзяленняў на месцах без папярэдняга апавяшчэння начальнікаў падраздзяленняў.
«У кожным разе, — кажа старшыня пяршоўкі СПБ Віктар Стукаў, — згодна з артыкулам 391 Працоўнага кодэксу працоўны індывідуальна прымае рашэнне наконт далучэння да страйку. Ніякі начальнік не можа рабочага прымусіць ня ўдзельнічаць у страйку, за гэта прадугледжаная крымінальная адказнасць начальніку».
Намеснік старшыні СПБ Мікола Шарах: «Канферэнцыя рабочых заявіла пра страйк у поўнай адпаведнасці з Працоўным кодэксам. У студзені 2017 года прафсаюз заявіў патрабаванне аб калектыўных перамовах, на пачатку ліпеня былі накіраваныя наймальніку прапановы рабочых. 1 жніўня была прынятая новая калдамова без уліку прапаноў рабочых і без тлумачэння прычын, чаму не ўлічаныя гэтыя прапановы. Таму ўзніклі юрыдычныя акалічнасці калектыўнай працоўнай спрэчкі. Далей, згодна з Працоўным кодэксам, працэдуры ідуць у вельмі кароткія тэрміны. 8 верасня прафсаюзам накіраваныя патрабаваньні наймальніку і 22 прапановы па прымірэнчай камісіі. Усе гэтыя лісты прафсаюзу наймальнік праігнараваў. Таму 1 кастрычніка стала відавочным, што згода бакоў наконт калектыўнай працоўнай спрэчкі не дасягнутая».
На канферэнцыю работнікаў, арганізаваную СПБ, прыбыло 100% дэлегатаў, якія аднагалосна прагаласавалі за правядзенне страйку. Колькасць дэлегатаў канферэнцыі і персанальны склад прафсаюз не выдае дзеля бяспекі работнікаў. 11 кастрычніка прафсаюз накіраваў дырэктару апавяшчэнне пра страйк, як таго патрабуе артыкул 390 Працоўнага кодэкса.