Праект дэкрэта „Аб забеспячальным дэпазіце” – шлях да карупцыі
Нормы, закладзеныя ў праект дэкрэта „Аб забеспячальным дэпазіце”, ствараюць глебу для карупцыі. Такое меркаванне выказаў БелаПАН заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, саветнік Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) Валерый Фадзееў.
Праект дзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што прадпрымальнікі могуць размясціць у дзяржбанку дэпазіт не менш як на 50 тыс. рублёў, і на падставе гэтага могуць быць вызваленыя ад адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці ў выпадку ўчынення асобных відаў эканамічных злачынстваў.
„Наяўнасць забеспячальнага дэпазіту нагадвае індульгенцыю, якая прадавалася царкоўнікамі ў сярэднія вякі, калі можна было купіць індульгенцыю і працягваць грашыць далей. З`яўленне такой практыкі будзе спрыяць не ўмацаванню законнасці, а заахвочваць парушэнне закона”, — перакананы Фадзееў.
Эксперт таксама звяртае ўвагу, што згодна з праектам дэкрэта, вызваленне прадпрымальнікаў ад крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці праз увядзенне нормы аб дэпазіце будзе ажыццяўляцца не судом, а следчымі органамі, што супярэчыць правапарадку, які склаўся. „Гэта — шлях да карупцыі”, — лічыць Фадзееў.
Заслужанаму юрысту Рэспублікі Беларусь невядома аб сусветнай практыцы выкарыстання нормаў, закладзеных у праект дэкрэта „Аб забеспячальным дэпазіце”.
„Калі існуе міжнародная практыка, у абгрунтаванні гэтая інфармацыя звычайна прыводзіцца, а ў гэтым выпадку на вопыт іншых краін спасылак ніякіх няма. Таму складваецца адчуванне, што гэта наша мясцовае заканадаўчае вынаходніцтва”, — адзначае Фадзееў.
На думку эксперта, зніжаць верагоднасць крымінальнага пераследу прадпрымальнікаў, гэта значыць займацца дэкрыміналізацыяй эканамічных рызык, трэба, але абсалютна не так, як прапаноўваюць распрацоўшчыкі падрыхтаванага дэкрэта.
„Дэкрыміналізацыя эканамічных рызык павінна выражацца не ў стварэнні забеспячальных дэпазітаў, якія нібыта страхуюць прадпрымальнікаў ад крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці, а ў выключэнні шэрагу нормаў з Крымінальнага кодэкса і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэта неабходна рабіць для таго, каб мы за фармальныя парушэнні не прыцягвалі людзей да сур`ёзнай адказнасці”, — мяркуе Фадзееў.
На яго думку, за дробныя правапарушэнні прадпрымальнікам трэба выносіць папярэджанні, а не ўжываць да іх жорсткія санкцыі. „У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях у нас дзевяць відаў адказнасці, мы прааналізавалі, і бачым, што да бізнеса прымяняюцца ў асноўным два віды адказнасці — штрафы і канфіскацыі”, — рэзюмаваў Валерый Фадзееў.