Кіраўнік Siemens дэманстратыўна не пайшоў на сустрэчу з Пуціным
Выканаўчы дырэктар нямецкага канцэрну Siemens Джо Кэзер не прысутнічаў на сустрэчы 12 кастрычніка ў Сочы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з прадстаўнікамі дзелавых колаў Германіі. Пра гэта ў аглядзе для „Нямецкай хвалі” паведаміў эканамічны аглядальнік Андрэй Гуркоў.
„Гэта, безумоўна, дэмарш. І беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі надзвычай цёплых дачыненняў паміж нямецкім вялікім бізнесам і расейскім кіраўніцтвам. Сваёй дэманстрацыйнай адсутнасцю кіраўнік Siemens выразна даў зразумець, наколькі глыбока нямецкі канцэрн зняважаны тым, як яго падманулі ў Расеі, дзе ён пачаў працаваць больш паўтара стагоддзя таму”, – напісаў ён.
Па словах Гуркова, паводзіны Кэзера „узмацняюць падазрэнне”, што нямецкаму канцэрну ў свой час у Маскве на вышэйшым роўні давалі гарантыі, што з іх турбінамі „усё будзе чыста і ў Крым яны не трапяць”.
Са справаздачы пра сустрэчу Пуціна з прадстаўнікамі нямецкага бізнесу на сайце расейскага прэзідэнта вынікае, што назва нямецкага канцэрну была згадана толькі аднойчы, але не Пуціным, а прэзідэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым. Ён назваў Siemens адным з партнёраў, з якімі мае справу яго краіна.
Яшчэ 5 ліпеня бягучага году агенцтва Reuters са спасылкай на ананімныя крыніцы паведаміла, што дзве турбіны вытворчасці Siemens прыбылі ў порт акупаванага Севастопаля. 6 ліпеня кампанія Siemens заявіла, што не пастаўляла турбіны ў Крым, а на наступны дзень паведаміла пра стварэнне працоўнай групы, якая зоймецца расследаваннем інцыдэнта.
21 ліпеня ў Siemens заявілі, што ў Крым былі незаконна перамешчаны чатыры іх газатурбінавыя ўстаноўкі, пастаўленыя летам для электрастанцыі ў расейскай Тамані (Краснадарскі край). Кампанія падала ў суд іскі па справе паставак газавых турбінаў у Крым. Яна таксама заявіла, што ініцыявала працэс спынення ліцэнзійнага пагаднення з расейскімі кампаніямі ў галіне паставак абсталявання для парагазавых электрастанцый.
24 ліпеня Нямеччына прапанавала пашырыць санкцыі супраць Расеі з-за турбінаў Siemens.
Афіцыйны часопіс Еўразвязу 4 жніўня апубліткаваў дадатак да спісу асобаў і кампаній, на якія накладзены санкцыі ў звязку з анексіяй Крыма. У яго ўвайшлі тры чалавекі і тры юрыдычныя асобы, якія спрычыніліся да пастаўкі на паўвыспу турбінаў нямецкай кампаніі Siemens.
Санкцыі Еўразвязу забараняюць еўрапейскім кампаніям прадаваць тэхналогіі і матэрыялы для энергетычнага сектара Крыма.
Беларускае Радыё Рацыя
