Партыя БНФ апублікавала заяву датычна Касцюшкі
У сувязі з сітуацыяй вакол адкрыцця помніку нацыянальнаму герою Беларусі Тадэвушу Касцюшку ў горадзе Залатурне ў Швейцарыі кіраўніцтва Партыі БНФ партыі распаўсюдзіла адмысловую заяву ў якой:
– Выказвае падзяку Аб’яднанню беларусаў Швайцарыі і асабіста спадару Аляксандру Сапегу за ініцыятыву ды ажыццяўленне надзвычай важнай справы – ушанавання памяці нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі, сцвярджэння волі беларускай нацыі шанаваць гэтага выбітнага сына беларускай зямлі як свайго суайчынніка ды абарону сапраўднай гісторыі жыцця ды дасягненняў Тадэвуша Касцюшкі;
– Асуджае дзеянні амбасадара Рэспублікі Польшча ў Швайцарыі, скіраваныя на змену зместу надпісу на ўсталяваным беларусамі Швейцарыі помніку Касцюшку, як дэструктыўныя ды скіраваныя на правакаванне штучных і непатрэбных канфліктаў у адносінах паміж народамі Польшчы і Беларусі, якім супольна з народам ЗША па праву належыць гонар шанаваць памяць ды ганарыцца дасягненнямі гэтай велічнай гістарычнай постаці;
– Заклікае МЗС Беларусі актыўна ўключыцца ў сітуацыю і абараніць як інтарэсы Аб’яднання беларусаў Швейцарыі, так і нацыянальныя інтарэсы краіны ў гэтым канфлікце. Таксама заклікаем МЗС Беларусі даць даручэнне ўсім амбасадам ды замежным прадстаўніцтвам Беларусі падтыхтаваць ды правесці ў краінах свайго размяшчэньня мерапрыемствы да 4 лютага 2018 году (гадавіны дня нараджэння Касцюшкі), каб ушанаваць памяць нашага славутага земляка ды данесці да палітычных ды інтэлектуальных элітаў гэтых краінаў беларускі погляд на асобу Тадэвуша Касцюшкі;
– Заклікае Міністэрства абароны Беларусі надаць вайсковай вучэльні ў Менску імя Тадэвуша Касцюшкі замест імя расейскага дзеяча Суворава, які кіраваў задушэннем паўстаньня нашых продкаў за вызваленне Бацькаўшчыны;
– Заклікае беларусаў далучыцца да ініцыятываў рэгіянальных арганізацыяў Партыі БНФ па ўшанаванні ды мэмарыялізацыі мясцінаў Беларусі, звязаных з дзейнасцю герояў паўстання 1794 году;
– Заклікае беларусаў фінансава падтрымаць ініцыятыву па ўсталяванні помніку Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі, арганізаваную сп. Глебам Лабадзенкам.