Баявая нічыя БГК у Славеніі
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова правёў чарговую сустрэчу Лігі чэмпіёнаў. На гэты раз беларуская каманда гасцявала ў Славеніі, дзе дамаглася баявой нічыі з мясцовым клубам „Цэле” – 33:33. Сустрэчу варта занесці ў актыў БГК, паколькі цягам гульні ў адрыве цэлы час былі супернікі. За 4 хвіліны да заканчэння матча „Цэле” быў наперадзе 33:30. Аднак мяшкоўцы здолелі дагнаць апанентаў і нават мелі час на пераможную атаку, якая, аднак, ужо не ўдалася.
Найбольш выніковым у складзе БГК стаў у гэты вечар Дзмітрый Нікуленкаў, які закінуў 7 мячоў.
Пасля 5 сустрэч БГК набраў палову ачкоў – 5 – і ідзе зараз на 4-ым месцы ў групе з васьмі калектываў.
Беларускае Радыё Рацыя