Пад якім сцягам змагаліся „Зялёнадубцы”?
Беларуская ваенна-палітычная арганізацыя “Зялёны Дуб” пачала партызанскія дзеянні ў 1919 годзе па ініцыятыве Беларускай вайсковай камісіі ды Беларускага палітычнага камітэта, і працягвала змаганне да канца 20-ых. Галоўнай мэтай арганізацыі было вызваленне беларускай зямлі ад бальшавіцкай навалы шляхам партызанскай вайны, адбудова незалежнасці, падвышэнне роўню нацыянальнай свядомасці насельніцтва, наладжванне сувязі з суседнімі дзяржавамі, якія прыхільна ставяцца да ідэі незалежнасці Беларусі ды інш.
Дакументальны фільм „Атаман Дзяргач”
Увосень 1920 года быў створаны Галоўны штаб партызанскіх аддзелаў, якім кіраваў Уладзімір Ксяневіч (атаман Грач), а таксама складзены тэкст Статуту Беларускай сялянскай партыі „Зялёны Дуб”. Галоўны штаб партызанаў знаходзіўся ў Лунінцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Тут аддзелы камплектаваліся, узбройваліся і перапраўляліся на беларускую тэрыторыю занятую бальшавікамі. Напачатку колькасць ваяроў складала некалькі соцень чалавек. Яны падзяляліся на „пяцёркі”, якія былі ядром асобных аддзелаў.
З часам у „Зялёны Дуб” увайшлі партызанскія аддзелы, якія ачольвалі атаманы Вайцяхоўскі, браты Караткевічы, Касінскі, Мацэля, Лебедзеў, Цярэнцеў, Юшчанка. „Зялёнадубцы” змагаліся ў Слуцкім, Мазырскім, Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім паветах. Вячаслаў Адамовіч (атаман Дзяргач) кіраваў партызанскімі дзеяннямі на Палессі.
Неад’емным атрыбутам кожнай арганізаванай вайсковай адзінкі з’яўляецца сімволіка, не быў выключэннем і „ЗД”. На пячатцы партызанаў змяшчалася выява „Пагоні”, якую атачаў надпіс з назвай партыі зроблены кірыліцай і лацініцай. Таксама выкарыстоўвалася пячатка з „Пагоняй”, дзе надпіс быў толькі на кірыліцы. Штаб арганізацыі і сам атаман Дзяргач карысталіся пячаткай з выявай трох дубовых лістоў і назвай партыі на кірыліцы і лацініцы.
Апісанне сцяга аднаго з атрадаў „ЗД” утрымліваецца ва ўспамінах атамана Крэчата:
“На шоўкавым зялёным фоне, з аднаго боку, сумнымі вачамі глядзеў лік Спаса, з іншага боку быў крыж у дубовым трылісніку і чэрап…”.
Кніга “Там, дзе яшчэ б’юцца”, у якой былі сабраныя ўспаміны беларускіх і расейскіх удзельнікаў антысавецкага паўстанцкага руху, была выдадзена ў 1929 годзе ў Берліне.
Магчымы выгляд сцяга партызанаў „Зялёнага Дуба” (рэканструкцыя Аляксея Трубкіна)
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя