Статкевіч апавясціў Менгарвыканкам пра „Марш абураных беларусаў”



Сустаршыня незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч 16 кастрычніка адправіў у Менгарвыканкам апавяшчэнне аб правядзенні 21 кастрычніка ў цэнтры сталіцы акцыі пратэсту „Марш абураных беларусаў 2.0”. Пра гэта палітык паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

„У адпаведнасці з правам, гарантаваным арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі паведамляю пра намер Беларускага нацыянальнага кангрэса правесці 21 кастрычніка „Марш абураных беларусаў 2.0″, — гаворыцца ў паведамленні. — У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму, у адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляю пра наш намер правесці 21 кастрычніка акцыю за пяць дзён да яе пачатку”.

Статкевіч адзначыў, што „ранейшы вопыт паведамленняў у Менгарвыканкам аб запланаваных мірных сходах паказаў нежаданне ўладаў прытрымлівацца заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў, узятых на сябе нашай краінай”. У сувязі з гэтым палітык прапануе гарадскім уладам „выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства”.

Варта адзначыць, што некаторыя актывісты, якія маглі стаць удзельнікамі акцыі, цяпер адбываюць адміністрацыйныя арышты. Так, 11 кастрычніка для адбыцця пакарання па раней вынесеных судовых рашэннях у Мінску былі затрыманыя актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. Яны асуджаныя за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць вучэнняў „Захад-2017”, якая прайшла ў Мінску 8 верасня, і правядуць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 15 сутак.

Статкевіч таксама асуджаны на пяць сутак арышту за ўдзел у акцыі 8 верасня, аднак пасля суда яго не затрымлівалі. Палітык не выключаў, што ён будзе затрыманы незадоўга да вызначанай на 21 кастрычніка акцыі. У гэты час тэлефонная сувязь з ім адсутнічае.

БелаПАН