Як зрабіць імя ў журналістыцы
Да мяне падышла журналістка. Маладая, энергічная, прыгожая. Такім не адмаўляюць у інтэрв’ю. Я яшчэ падумаў, што з яе атрымалася б някепская шпіёнка. Кожнага можа разгаварыць.
А яшчэ я падумаў, што сярод маладых журналістаў нарэшце сталі з’яўляцца сапраўдныя прафесіяналы, чаго мы так доўга чакалі. Бо я з сябрамі толькі што вярнуўся з вулічнай акцыі, дзе раздавалі мінакам буклеты супраць смяротнага пакарання. І да пачатку гэтай акцыі мы яе не афішавалі, каб праблем не нажыць раней часу. А вось гэтая маладая журналістка нейкім чынам даведалася. Так я падумаў. Але чарговы раз жорстка памыліўся. Журналістка, як аказалася, не толькі нічога не ведала пра вулічную акцыю, але і ведаць не хацела.
– Я раблю матэрыял пра безкантрольны продаж зброі ў Амерыцы, што прывяло да трагедыі ў Лас-Вегасе, – адразу без лішніх цырымоній і губляння часу на правілы этыкету заявіла яна замест, каб прывітацца. – Таму хачу каб вы як праваабаронца распавялі пра кантроль над зброяй у нас у Беларусі.
У мяне ажно дух пераняло. Ну прычым тут праваабаронца да пытання вольнага продажу зброі?!
– Сёння дзень супраць смяротнага пакарання, – інфармую я яе. – А вы першая, хто даведаўся пра нашу акцыю. Можа вам пра гэта штосьці распавесці? – Пытаюся.
– Ні ў якім разе, – пярэчыць дзяўчына. – На гэтай тэме імя не зробіш. Непапулярная яна. Толькі згуба часу. А жыццё кароткае. Трэба спяшацца. Іншая справа бойня ў Лас-Вегасе. Там столькі пастраляных. Усе пра тое гавораць. Вось пра што пісаць трэба. Асабліва пра забарону продажу зброі. Як у нас, у Беларусі. Зброя забароненая і таму такіх інцыдэнтаў і быць не можа.
– Ну калі гаварыць пра кантроль над зброяй у нас, то тут я на сваёй шкуры яго адчуў, – распачаў я агучваць сваё стаўленне да гэтага пытання, пасмейваючыся ў душы, бо зразумеў што дзяўчына, якая не любіць губляць час, зусім не тое хоча ад мяне пачуць. – У мяне была зарэгістраваная зброя. Ну дык кантралёры ў пагонах з хаты маёй не вылазілі. Аж пакуль я яе ім не аддаў. Толькі вось раю вам паглядзець крыху статыстыкі. Прыкладам на сайце міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вы можаце пабачыць, што у нашай краіне, дзе няма свабоднага продажу зброі, а ёсць жорсткі кантроль за ёй, за мінулы год было 437 забойстваў або спробаў забіць. Ну а ў такім амерыканскім мегаполісе як Нью-Ёрк, які па колькасці людзей падобны на нашу стабільную краіну, а калі палічыць нелегалаў, то і большы, і дзе ёсць многа зброі і значна менш паліцыі, забойстваў у мінулым годзе было чамусьці менш чым у нас, 335. Я разумею вы, маладыя, лянуецеся лазіць па такіх сайтах. Але хоць у папулярную сярод моладзі вікіпедыю залезці не так складана. І там мы можам убачыць, што ў узброенай да зубоў Амерыцы паказнік забойстваў у параўнанні на 100 тысяч насельніцтва складае 4,62. Ну а прыкладам у нашай суседкі Расеі, дзе продаж зброі забаронены, гэты паказнік ажно 9,2. Ну а ў краіне, дзе кантралюецца не толькі зброя, але і кожны ўздых, у КНДР, ажно 15,2. Так што асабіста я не бачу сувязі паміж вольным продажам зброі і колькасцю забойстваў.
– Але ж хваля супраць свабоднай продажы зброі ўжо паднялася, – здзіўлена кажа журналістка, з жахам разумеючы, што са мной яна страціла час. – Нават у амерыканскіх Сенаце і Кангрэсе гэта падымаецца. І трэба быць у трэндзе. А вы гаворыце не так як трэба.
– Ну я супраць раззбраення свабодных людзей, – смяюся. – Бо пасля раззбраення наступны крок – гэта палон. А вы ведаеце, што адной з мэтаў тэрарыстаў і ўвогуле злачынцаў і ёсць акурат раззбраенне насельніцтва?
І тут дзяўчына канчаткова зразумела, што беручы інтэрв’ю са мной на гэтую тэму, яна журналісцкага імя хутка зрабіць не зможа. І зноў, не абцяжарваючы сябе правіламі этыкету, развярнулася і пайшла не развітаўшыся.
Ну а я не паленаваўся адшукаць у сеціве яе матэрыял. Усе сто адсоткаў апытаных там былі за ўзмацненне кантролю над продажам зброі ў Амерыцы. Маіх слоў, зразумела, там не было. Як і пра акцыю супраць смяротнага пакарання таксама нічога не было. Не папулярная гэта тэма. На ёй імя не зробіш.
Віктар Сазонаў